Праваабаронцы запісваюць аповяды гэтых людзей пра асаблівасьці такога пакараньня.
Сярод «хатніх хімікаў» у нядаўнім мінулым — Аляксандар Іванавіч (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС). Пасьля адбыцьця пакараньня ён зьехаў за мяжу і змог адкрыта расказаць праваабаронцам пра свой досьвед амаль гадавога адбыцьця беларускай «хатняй хіміі».
Вакол камэры сачэньня
У Аляксандра Іванавіча была невялікая хатка ў адным з раёнаў Беларусі, дзе ён і вырашыў жыць падчас адбыцьця пакараньня. Закон гэта дазваляе, калі выбар не супярэчыць пэўным патрабаваньням правахоўнікаў. Але паводле ўмоваў пакараньня трэба пастаянна знаходзіцца пад пазначаным адрасам, акрамя часу, які асуджаны праводзіць на працы або ў краме ў вызначанай адлегласьці ад дому.
З досьведу Аляксандра Іванавіча вынікае, што на практыцы выконваць гэтае патрабаваньне вельмі складана. Ня дзіва, што «хімікі» ідуць на розныя хітрыкі.
«Напрыклад, пакідаюць тэлефон на працоўным месцы, каб немагчыма было цябе „прабіць“. Бывае, што ў горадзе цябе „засякае“ якая-небудзь камэра — і тады табе таксама могуць запісаць парушэньне. Спачатку яны фатаграфуюць цябе з усіх ракурсаў — хоць і не прызнаюцца, для чаго. Таму я, напрыклад, прывучыўся хадзіць у бэйсболцы, каб яна хавала частку твару», — падзяліўся ўласнымі «захадамі бясьпекі» Аляксандар Іванавіч.
Камісіі перавыхаваньня
Балючы ўспамін у былога «хіміка» застаўся таксама пасьля рэгулярных наведваньняў аддзелу міліцыі і «перавыхаваўчых сходаў», якія там праводзяць з асуджанымі.
«Гэта было самае агіднае. У камісію ўваходзяць нейкія чыноўнікі, міліцыянты, ідэолягі. Гутарка адбывалася ў неацепленым памяшканьні, там абагравальнік стаяў толькі ў пакоі, дзе сядзелі прадстаўнікі камісіі. А я дзьве гадзіны мусіў сядзець і чакаць, пакуль паразмаўляюць зь іншымі. У чарзе былі як палітычныя, так і непалітычныя, мне з самага пачатку сказалі, што я пайду апошні.
І вось сядзяць яны ўсёй камісіяй, а ты павінен перад імі раскайвацца. Асноўная маса сядзіць апусьціўшы вочы, але галоўная ідэалягіня ўвесь час спрабавала мяне ўкалоць. Я нават трохі зазлаваўся і спытаў, чаму яны спрабуюць мяне прысароміць, як дзіця... Робяць мярзоту, незаконна затрымліваюць, незаконна асуджаюць і катуюць, зьдзекуюцца — але ўсё адно паводзяць сябе так, быццам яны ні пры чым», — абураецца ў адрас уладаў былы палітвязень Аляксандар Іванавіч.
«З дому зрабілі турму»
З сапраўдным катаваньнем параўнаў Аляксандар Іванавіч праверкі «хатніх хімікаў», якія адбываюцца ўдзень і ўначы, у любы час, як захочуць правяральнікі, і якія рэальна пагражаюць асуджанаму стражэйшым пакараньнем — калёніяй.
«Праз гэта ты ня можаш разьняволіцца, ты ўвесь час у страху. Я перастаў любіць свой дом, бо яны зрабілі зь яго турму», — падзяліўся галоўным успамінам пра сваю «хатнюю хімію» Аляксандар Іванавіч.
Былы палітвязень змог выехаць за мяжу, спрабуе там уладкавацца, вучыць новую для сябе мову.
«Але я не шкадую, што ўсё страціў. Калі я бачыў маршы ў 2020 годзе, мая душа сьпявала. І цяпер усё пакрысе, але наладжваецца», — прызнаўся праваабаронцам «Вясны» былы палітычны зьняволены Аляксандар Іванавіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры гады будуць выкрасьленыя з жыцьця». Як асуджаныя да «хатняй хіміі» адбываюць пакараньнеШто такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.