Гаворка пра байцоў Палку Каліноўскага, які складаецца зь беларусаў і ваюе на баку Ўкраіны.
Гэта Вадзім Кабанчук, Павал Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў і Дзяніс Прохараў.
Пра завочныя справы на іх паведамляецца ў спэцыяльным тэлеграм-канале Сьледчага камітэту Беларусі.
Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму», «распальваньне варожасьці» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», паведамляе «Вясна».
- Па стане на 1 верасьня 2025 году спэцыяльнае вядзеньне праводзілася ў дачыненьні 153 чалавек.
- На стадыі сьледзтва было прынятае рашэньне правесьці гэтую працэдуру. Да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі 137 чалавек з 153.
- Ва ўсіх выпадках выносілі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі.
- Акрамя таго, большасьці з асуджаных дадаткова прызначалі штраф.
- Таксама прымяняецца дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады, пазбаўленьня спэцыяльнага або вайсковага званьня.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.