Памежнікі Беларусі і ФСБ Расеі дамовіліся аб арганізацыі мэдычнай дапамогі і аздараўленьні сваіх вайскоўцаў

Беларускі санаторый «Сьвітанак-Любань». Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі пагадзіўся з прапановай Дзяржаўнага памежнага камітэту аб падпісаньні з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі пратаколу аб узаемадзеяньні ў арганізацыі мэдычнай дапамогі і санаторна-курортнага лячэньня (аздараўленьня).

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду ад 15 кастрычніка, памежнікі ўзгаднілі сваю прапанову зь Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

Раней аб’яднаньне BelPol паведамляла, што ў Сочы, у санаторыі «Беларусь» кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, ужо даўно і рэгулярна абслугоўваюць расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Беларусь надае свае паслугі Расеі ў лячэньні параненых на вайне ва Ўкраіне вайскоўцаў

2 кастрычніка стала вядома, што ўлады Ленінградзкай вобласьці (Расея) і Беларусі дамовіліся аб стварэньні «сталай праграмы рэабілітацыі байцоў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Гэта адбылося ў часе візыту ў Беларусь дырэктаркі Ўсяволскага мультыцэнтру сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Дразьдзенка. Яна наведала санаторна-курортныя і рэабілітацыйны ўстановы Менскай вобласьці і азнаёмілася зь іх магчымасьцямі ў «лекаваньні, аднаўленьні і аздараўленьні ўдзельнікаў „спэцапэрацыі“ зь Ленінградзкай вобласьці, а таксама іх сямей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх санаторыях будуць праводзіць рэабілітацыю расейцаў, параненых на вайне ва Ўкраіне