Як паведаміла раённая газэта «Маяк Палесся», «Васіль Раманенка падняў пытаньне ўнясеньня зьменаў у заканадаўства для заліку пэрыядаў працы на тэрыторыі Ўкраіны пасьля 1 чэрвеня 1998 году для вызначэньня права на пэнсію ў Рэспубліцы Беларусь».
У 2023 годзе раённыя ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароны паведамілі, што заробкі да 1 студзеня 1992 году на тэрыторыі Ўкраіны ўлічваюцца ў агульным парадку, а пасьля гэтай даты — выключаюцца з пэрыяду, за які вызначаецца заробак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі працягвае працаваць кожны пяты пэнсіянэрШто папярэднічала
У траўні 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла ініцыяваны ўкраінскім урадам закон аб дэнансацыі дамовы зь Беларусьсю аб пэнсійным забесьпячэньні. Ён набыў юрыдычную моц у лістападзе 2023 году.
Гэты дакумэнт рэгуляваў пытаньне дзяржаўнага пэнсійнага забесьпячэньня грамадзян, якія стала жылі або пераехалі на сталае жыхарства ў краіны-падпісанты. У прыватнасьці, ішлося аб налічэньні пэнсіяў па ўзросьце, па інваліднасьці, за выслугу гадоў і ў выпадку страты карміцеля.
У межах гэтай дамовы, падпісанай у Кіеве 14 сьнежня 1995 году, пэнсійныя фонды дзьвюх краін заключылі галіновую дамову, якая вызначала парадак узаемнага пералічэньня грошай для выплаты пэнсій грамадзянам, якія працавалі ў Беларусі і жывуць ва Ўкраіне, а таксама грамадзянам, якія працавалі ва Ўкраіне і жывуць у Беларусі.
У лістападзе 2023 году ўрад Беларусі спыніў дзеяньне дамовы між Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Беларусі і Пэнсійным фондам Украіны аб узаемным пераводзе і выплаце пэнсіяў.
Як вырашаюць гэтае пытаньне ва Ўкраіне
Ва Ўкраіне грамадзяне, якія працавалі ў розныя гады ў Беларусі, пасьля скасаваньня міжнароднай украінска-беларускай дамовы пачалі масава зьвяртацца ў суды з пазовамі да Пэнсійнага фонду, які адмаўляецца ўключаць у стаж для налічэньня пэнсіі працу ці навучаньне за межамі Ўкраіны, у тым ліку сотні такіх зваротаў тычацца працы ці навучаньня ў Беларусі.
Ува ўсіх выпадках управы Пэнсійнага фонду Ўкраіны тлумачылі свае адмовы выхадам Украіны ў лістападзе 2022 году з дамовы аб гарантыях правоў грамадзян краін СНД у галіне пэнсійнага забесьпячэньня і ў сьнежні 2023-га — з такой самай дамовы зь Беларусьсю.
Суды прызнавалі парушэньне правоў грамадзян і абавязвалі ўправы Пэнсійнага фонду Ўкраіны ўключыць у страхавы стаж працу і навучаньне ў Беларусі. У большасьці выпадкаў апэляцыйныя суды пацьвярджалі гэтыя рашэньні судоў, але ёсьць і выпадкі, калі Пэнсійны фонд абскарджваў іх на сваю карысьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзяне Ўкраіны масава зьвяртаюцца ў суды, бо ім ня хочуць уключаць у пэнсійны стаж працу і вучобу ў Беларусі