«Мы замарозілі актывы Пуціна і Лаўрова, але на іх не распаўсюджваецца забарона на ўезд — гэта ніколі на іх не распаўсюджвалася... На дадзены момант сустрэча (прэзыдэнтаў ЗША і Расеі ў Вугоршчыне — РС) не пацьверджана, мы ня будзем камэнтаваць гіпатэтычныя сцэнарыі, але калі яна адбудзецца, то... на іх не распаўсюджваецца забарона на ўезд», — заявіла журналістам на брыфінгу прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Аніта Гіпер, паведамляе карэспандэнтка Радыё Свабода.
Журналісты таксама пацікавіліся, ці дазволяць самалёту з расейскай дэлегацыяй высокага ўзроўню ўвайсьці ў паветраную прастору ЭЗ, улічваючы, што яна закрытая для расейскай грамадзянскай авіяцыі, у тым ліку чартарных рэйсаў, з прычыны санкцый. У Эўрапейскай камісіі паведамілі, што гэты пункт — на разгляд асобных дзяржаў-чальцоў ЭЗ.
«...дзяржавы-чальцы ЭЗ могуць дазваляць гэтыя адхіленьні, але рашэньне па гэтым пытаньні павінны прымаць дзяржавы-чальцы індывідуальны», — сказала Гіпер.
Галоўная прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Паўла Пінью, камэнтуючы чаканьні ад магчымага саміту Трампа і Пуціна ў цэлым, падкрэсьліла, што «прэзыдэнтка Ўрсуля фон дэр Ляен вітае любыя крокі, якія вядуць да справядлівага і трывалага міру ва Ўкраіне».
«Калі прапанаваная сустрэча служыць гэтай мэце, мы будзем яе вітаць... Вы чулі, як мы шмат разоў казалі, што Расеі даўно пара спыніць сваю бессэнсоўную і незаконную вайну агрэсіі супраць Украіны. З боку ЭЗ мы прымаем усе магчымыя меры для падтрымкі Ўкраіны, а таксама для аслабленьня здольнасьці Расеі весьці вайну», — падсумавала яна.
Тым часам прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан 17 кастрычніка пасьля размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што падрыхтоўка да саміту паміж Пуціным і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у Будапэшце ўжо ідзе.
Выбар Будапэшта для магчымай будучай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі дапамог бы абыйсьці ордэр на арышт Пуціна, выдадзены Міжнародным крымінальным судом, бо Вугоршчына раней абвясьціла аб выхадзе з МКС.
- У мінулым годзе міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў наведаў Мальту, члена ЭЗ, для ўдзелу ў сустрэчы міністраў АБСЭ. Мальта раней адклікала візу прэс-сакратаркі МЗС Расеі Марыі Захаравай.
- Каб дабрацца да Вугоршчыны з Расеі, самалёт павінен праляцець праз паветраную прастору хаця б адной з наступных краін: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Славакіі, Румыніі або Баўгарыі — усіх членаў ЭЗ і NATO — або Ўкраіны, паветраная прастора якой закрытая для грамадзянскіх рэйсаў з прычыны вайны.
- Адзіным тэарэтычным маршрутам за межамі ЭЗ будзе вялікая пятля праз Чорнае мора і Турэччыну, якая вядзе на поўнач у Вугоршчыну. Але нават гэта запатрабуе каардынацыі з паветранымі калідорамі, якія кантралююцца NATO.