Кійко нагадаў, што ў Беларусі ўжо дзейнічае прагрэсіўная сыстэма падаткаў. З 2024 году стаўку павысілі да 25% для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў у год. Міністар адзначыў, што такіх людзей няшмат — з чатырох мільёнаў працаздольных грамадзян падвышаную стаўку заплацілі менш як восем тысяч чалавек. Гэта прынесла ў бюджэт каля 200 мільёнаў рублёў.
Цяпер улады хочуць увесьці яшчэ адну, трэцюю стаўку — для яшчэ больш багатых людзей. Кійко мяркуе, што яна закране прыкладна тысячу чалавек.
Галоўная рэдактарка праекту Plan B Вольга Лойка ў эфіры «ПіКа Свабоды» заявіла, што ідэя зрабіць падаткі больш высокімі мела б сэнс, але ўсё залежыць ад таго, куды пойдуць гэтыя грошы.
«Мусіць быць нейкі грамадзкі кансэнсус. У Скандынавіі такі падыход лічаць справядлівым. Калі б дадатковыя сродкі ішлі, напрыклад, на лячэньне дзяцей, каб бацькам не даводзілася зьбіраць грошы па ўсім сьвеце, гэта было б справядліва. Тады і заможныя людзі пагадзіліся б плаціць больш. Але я думаю, што гэтыя грошы пойдуць на рамонт даху „Камволю“ — у лепшым выпадку. Галоўнае, каб не на вайну. У нас жа няма грамадзкага кантролю за бюджэтам. Таму я ня думаю, што гэта будзе справядліва», — сказала яна.
Лойка таксама зьвярнула ўвагу, што ў той час, як у Беларусі хочуць «узяць больш з багатых», у Польшчы, напрыклад, прэзыдэнт прапануе зьменшыць падаходны падатак для сем’яў з двума дзецьмі — каб стымуляваць рост сярэдняй клясы.
«Сам падыход, што мы будзем раскулачваць багатых, бедным магчыма быў бы на карысьць. Іронія ў тым, што ў гэты ж час у Польшчы прэзыдэнт Наўродзкі хоча акурат зьменшыць падаходны падатак для сем’яў з двума дзецьмі, каб увогуле не плаціць. Нехта змагаецца з багатымі, а хтосьці — за вышыйшую нараджальнасьць сярэдняй клясы», — падсумавала яна.
Тэмы ў праграме «ПіК свабоды»:
1:15 — Чэргі на запраўках. Лукашэнка кажа, што вінаватая кава. Што рабіць?
5:25 — Лукашэнка гатовы заключыць "вялікую зьдзелку" з ЗША. Што ў ёй будзе?
18:52 — Мітрапаліт Станеўскі запрасіў Папу Рымскага ў Беларусь. Ці прыедзе Леў XIV?
29:40 — У Беларусі зьбіраюцца павысіць падыходны падатак. Хто і колькі страціць?
33:15 — Паразмаўлялі зь беларусам, які абараніў у Швайцарыі сям’ю ад агрэсіўнага расейскамоўнага пасажыра ў цягніку.
45:51 — У Ізраілі заяўляюць пра заканчэньне актыўнай фазы вайны ў Газе, але ці азначае гэта сапраўдны канец канфлікту?