Цяпер, калі дэманстранты хаваюць твар ці перакрываюць дарогі падчас акцый пратэсту, ім пагражае адміністрацыйны арышт да 15 сутак. За адмову спыніць мітынг на патрабаваньне паліцыі — да 60 сутак. У выпадку паўторных парушэньняў на працягу 12 месяцаў пагражае ўжо крымінальная справа і арышт тэрмінам да аднаго году.
Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі выдала адпаведане папярэджаньне 17 кастрычніка, паведамляе Newsgeorgia.
У той жа дзень стала вядома, што затрымалі яшчэ 16 чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 4 кастрычніка, калі мітынгоўцы штурмавалі прэзыдэнцкі палац. Агулам за ўдзел у гэтай акцыі затрыманыя ўжо 62 чалавекі, паведамляе «Эхо Кавказа» са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Грузіі Гелу Геладзэ.
Акцыі пратэсту пачаліся яшчэ ў лістападзе 2024 году пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў пра часовае прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам. Праз палітыку цяперашніх уладаў, у прыватнасьці, прыняты імі закон аб «замежных агентах», спынілася эўраінтэграцыя Грузіі, хаця дзяржава шмат гадоў вяла перамовы пра ўступленьне ў ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Грузіі пачалі крымінальную справу супраць пратэстоўцаў. Іх вінавацяць паводле чатырох артыкулаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт намінаваў беларускага палітвязьня Пачобута на прэмію імя Сахарава