ХАМАС перадаў Ізраілю цела яшчэ аднаго загінулага закладніка

У Ізраілі сустракаюць целы чатырох забітых закладнікаў, 15 кастрычніка 2025

Палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, перадала Ізраілю цела яшчэ аднаго загінулага закладніка ў рамках заключанага раней пагадненьня аб спыненьні агню.

Як паведамляе Армія абароны Ізраілю, гэта Эліягу Маргаліт, які быў забіты падчас нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году — яго цела было вывезена ў сэктар Газа. На час сьмерці яму было 75 гадоў. Пра гібель Маргаліта стала вядома 1 сьнежня 2023 году.

У сэктары Газа застаюцца целы яшчэ 18 загінулых закладнікаў. Ізраіль абвінаваціў ХАМАС у тым, што групоўка наўмысна хавае целы як мінімум некалькіх чалавек. Хамас, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што ня можа знайсьці іх праз разбурэньні ў сэктары Газа.

У пачатку кастрычніка Ізраіль і ХАМАС узгаднілі першую фазу мірнай дамовы, якая, акрамя вызваленьня закладнікаў, прадугледжвае спыненьне ваенных апэрацый, аднаўленьне ўвозу гуманітарнай дапамогі і адвод ізраільскай арміі за ўзгодненую лінію.

Акрамя таго, ідзе гаворка пра раззбраеньне ХАМАС і адхіленьне чальцоў групоўкі ад улады ў Газе. У ХАМАС заяўлялі раней, што гатовы перадаць уладу нейкім агульнапалестынскім структурам, але адмаўляюцца ад раззбраеньня.

13 кастрычніка ХАМАС вызваліў апошнія 20 ізраільскіх закладнікаў, а Ізраіль адпусьціў сотні палестынскіх зьняволеных. З моманту заключэньня пагадненьня аб спыненьні агню ў Ізраіль вярнулі дзесяць цел загінулых закладнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС перадаў у Газе 20 ізраільскіх закладнікаў, Ізраіль — арабскіх зьняволеных. Трамп кажа пра «гістарычны сьвітанак»

Ізраільскія закладнікі і палестынскія зьняволеныя вяртаюцца дадому