Пасланьнік папы Рымскага Лява XIV Кляўдыё Гуджэроцьці наведае Беларусь 25–26 кастрычніка. У гэтыя дні ў Беларусі адзначаць стагодзьдзе Пінскай дыяцэзіі.
«Гэта знакавая і ўплывовая фігура»
Гуджэроцьці мае сан кардынала і адказвае ў Ватыкане за Ўсходнія цэрквы. Гэта высокая пасада, якая ў сьвецкай ярархіі адпавядае ўзроўню міністра, тлумачыць суразмоўца Свабоды ксёндз Юры* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС).
«Гэта знакавая і ўплывовая фігура ў дыпляматычнай дзейнасьці Ватыкану. Гэта высокі ранг», — тлумачыць сьвятар.
Гэта першы раз, калі пасланец папы наведае Беларусь у тытуле кардынала. Але Гуджэроцьці добра вядомы беларусам, у тым ліку каталікам. Ён чатыры гады (2011–2015) быў у Беларусі нунцыем — дыпляматычным прадстаўніком папы. Пасьля ён прыяжджаў у краіну як пасланьнік папы ў сьнежні 2020 году і ўлетку 2023 году — на Будслаўскі фэст.
Кляўдыё Гуджэроцьці падчас свайго візыту ў Беларусь у 2023 годзе
Апошні раз наведваў Беларусь такі высокі (і нават вышэйшы) госьць з Ватыкану дзесяць гадоў таму. Гэта быў дзяржаўны сакратар Ватыкану пры тады яшчэ папу Францішку П’етра Паралін.
Каталіцкі вернік Пётра думае, што першапрычына візыту Гуджэроцьці рэлігійная, а не палітычная. Стагодзьдзе дыяцэзіі — важная дата для касьцёла, таму, паводле яго, «цалкам нармальна, што прыяжджае чалавек узроўню кардынала».
«Прыезд Гуджэроцьці гэта ня нешта „экстра“. Кардыналы прыяжджалі ў Беларусь і раней», — зьвяртае ўвагу ён і ўзгадвае Тарчызіё Бэртонэ, які наведваў краіну ў 2008 годзе.
Пётра мяркуе, што прыяжджае менавіта Гуджэроцьці, бо ён доўга служыў у Беларусі, ён найбольш у Ватыкане цяміць у беларускай сытуацыі.
«Кантакт на вагу золата»
Суразмоўцы Свабоды мяркуюць, што, апрача візыту на рэлігійны юбілей, кардынал правядзе сустрэчу з фактычнымі ўладамі Беларусі. Гэта могуць быць міністар замежных справаў, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, а таксама Лукашэнка.
«Гэта можа быць спатканьне на найвышэйшым узроўні. Думаю, Лукашэнка сам хацеў бы сустрэцца з Гуджэроцьці», — мяркуе ксёндз Юры.
На думку Пётры, Лукашэнка зацікаўлены ў гэтай сустрэчы больш, чым Ватыкан.
«Думаю, сустрэча з Лукашэнкам цалкам імаверная. Усе мінулыя разы, калі Гуджэроцьці прыяжджаў у Беларусь, ён зь ім сустракаўся. Лукашэнка даволі даўно ў ізаляцыі, прычым у большай ізаляцыі, чым Пуцін. Для яго важна, што зь ім хтосьці размаўляе», — камэнтуе вернік.
Ён прыгадвае як Лукашэнка ахвотна вітаў прадстаўніка Трампа Джона Коўла, ціснуў яму руку, называў яго сябрам, калі той прылятаў у Беларусь у верасьні і былі вызваленыя палітвязьні.
«Улада ў Беларусі ў сёньняшняй сытуацыі ня можа ня выкарыстаць нагоду сустрэцца з такім службоўцам. Калі такі чалавек прыяжджае ў краіну, візыты ўзгадняюцца на найвышэйшым узроўні. Для Беларусі, якая цяпер у палітычнай ізаляцыі, кожны кантакт з заходнім дзеячом на вагу золата. Для Беларусі гэта вельмі важны візыт», — тлумачыць ксёндз Юры.
«Найбольш канвэрсоўная валюта»
Тэмаў, на якія прадстаўнік папы можа гаварыць зь беларускімі чыноўнікамі, некалькі, адзначаюць суразмоўцы Свабоды
Па-першае, гэта палітвязьні, перадусім зьняволеныя з палітычных прычынаў сьвятары: Анджэй Юхневіч, асуджаны на 13 гадоў калёніі, цяжка хворы Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў, а таксама затрыманы манах з Польшчы Гжэгаж Гавэл, якога вінавацяць у «шпіянажы». Іх траіх затрымалі ўжо пасьля апошняга візыту Гуджэроцьці ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек-усьмешка». Што вядома пра беларускага манаха, на якога завялі крымінальную справуКсёндз Юры называе палітвязьняў «найбольш канвэрсоўнай валютай» Беларусі для гандлю з заходнімі краінамі. Ён думае, што Беларусь рыхтавалася да візыту кардынала, каб мець кім і чым гандляваць.
Сьвятар успамінае, што калі Беларусь была ў падобнай ізаляцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, апостальскім нунцыем у Беларусь прызначылі Гуджэроцьці, і падчас ягонага служэньня ў краіне на волю выйшлі Алесь Бяляцкі (2014 год) і Мікола Статкевіч (2015 год). Тады ж зь Беларусі зьнялі шэраг эканамічых санкцыяў.
«Калі Гуджэроцьці служыў у Беларусі, ён наведваў палітвязьняў незалежна ад іхнай канфэсіі: ксяндза Ўладзіслава Лазара, праваслаўнага верніка Паўла Севярынца, пратэстанта Зьмітра Дашкевіча, каталіка Алеся Бяляцкага», — успамінае вернік Пётра.
Ксёндз Юры заўважае, што перад візытам Гуджэроцьці ў 2020 годзе арыштавалі на «содні» за палітыку і выпусьцілі некалькіх каталіцкіх сьвятароў. Пасьля ягонага візыту ў Беларусь дазволілі вярнуцца дадому тагачаснаму кіраўніку беларускага Касьцёла мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, якога чатыры месяцы не пускалі на радзіму. Сьвятар дапускае, што і цяпер прыезд Гуджэроцьці можа паспрыяць вызваленьню палітвязьняў.
Іншы вернік Міхась менш аптымістычны. Ён заўважае, што два візыты Гуджэроцьці ў Беларусь за апошнія пяць гадоў не прынесьлі істотных зьменаў.
«У 2020-м Кандрусевіча ўпусьцілі ў Беларусь значна пазьней, а ціск на Касьцёл толькі ўзмацніўся. Гэтак жа і ў 2023-м падчас таго візыту на „соднях“ быў айцец Аляксандар Шаўцоў, а ўжо ў лістападзе арыштавалі ксяндза Акалатовіча. І з таго часу мы маем яшчэ пару дзясяткаў арыштаў сьвятароў», — кажа вернік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаго «ніхто ня гнобіць», у другога — «нізкі статус». Як сядзяць у калёніі засуджаныя ксяндзыЧырвоны касьцёл і неперарэгістраваныя парафіі
Другое пытаньне, якое можа абмеркаваць Гуджэроцьці з уладамі Беларусі, мяркуюць суразмоўцы Свабоды, — гэта Чырвоны касьцёл, які ў вернікаў забралі тры гады таму, спаслаўшыся на пажар і рамонт пасьля яго, а таксама іншыя касьцёлы і касьцёльная маёмасьць, якія ўлада не аддала дагэтуль каталіцкай царкве. дадае ксёндз Юры.
Чырвоны касьцёл у Менску, ілюстратыўнае фота
«Неўзабаве закрыюць на рамонт Кальварыйскі касьцёл, але невядома, калі яго адкрыюць. Няма нічога больш пастаяннага, чым часовае», — асьцерагаецца Пётра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На плошчы Леніна стаялі намёты, і людзі трымалі галадоўку». Гісторыя Чырвонага касьцёла, які трэці раз забіраюць у вернікаўТрэцяе пытаньне для абмеркаваньня за зачыненымі дзьвярыма — (не)перарэгістрацыя парафіяў у Беларусі. Летась і сёлета ўсе рэлігійныя арганізацыі мусілі прайсьці абавязковую перарэгістрацыю. Многія грэка-каталіцкія прыходы яе не прайшлі праз новыя, больш жорсткія патрабаваньні.
«У Берасьцейскай вобласьці не перарэгістравалі ніводную грэка-каталіцкую парафію. У Віцебску і Воршы таксама ёсьць праблемы зь перарэгістрацыяй. Гэта прэрагатыва кардынала Гуджэроцьці, бо ён адказвае за Ўсходнія цэрквы, а грэка-каталіцкая царква і ёсьць усходняя царква», — адзначае ксёндз Юры.
«Касьцёл сёньня ў відавочна слабой пазыцыі. Каля паловы грэка-каталіцкіх парафіяў не прайшлі перарэгістрацыю, у тым ліку тая, што на вуліцы Арджанікідзэ ў Менску», — дадае Пётра.
«Што Ватыкан можа прапанаваць узамен»
Суразмоўцы мяркуюць, што падчас размовы кардынала зь беларускімі чыноўнікамі можа ісьці гандаль.
«Пытаньне, што Ватыкан можа прапанаваць узамен», — разважае Пётра.
На ягоную думку, Лукашэнка чакае ад гэтай сустрэчы дапамогі ў наладжваньні адносінаў зь іншымі эўрапейскімі краінамі, найперш Польшчай, зьняцьця санкцыяў.
«Што тычыцца палітзьняволеных, асабліва сьвятароў, палякаў, то гэта ціск уладаў Беларусі, але не на Ватыкан, а на Польшчу», — перакананы вернік.
Прыезд кардынала, на думку суразмоўцаў, можа паспрыяць вызваленьню палітвязьняў ці вырашэньню іншых касьцёльных праблемаў, але гэта можа ня быць так наўпрост.
«На маю думку, Гуджэроцьці ня той чалавек, які ў гэтай сытуацыі ўплывае. Прымаць рашэньні ад імя Ватыкану можа толькі папа і, можа быць, Паралін (дзяржаўны сакратар Ватыкану. — РС). Гуджэроцьці — гэта чалавек, які цісьне руку і візіруе нейкія рашэньні. Або зь Менску яму нешта перададуць, і ён гэта потым перадасьць у Ватыкан, а папа прыме рашэньне», — кажа Пётра.
На думку верніка Міхася, тое, пра што хоча гаварыць Сьвяты Пасад, — другасна.
«Пытаньне — пра што захоча гаварыць Лукашэнка і якія крокі зробіць. Думаю, у грамадзка-палітычным пляне мячык выключна на баку рэжыму. У духоўным пляне, вядома, гэта важны сыгнал Касьцёлу і грамадзтву — ніхто не забыты і нішто не забыта. Сьвяты Пасад спрабуе быць побач зь людзьмі і рабіць што магчыма», — разважае ён.
Аднак ён дадае, што нават калі сьвятароў-палітвязьняў адпусьцяць або аддадуць касьцёльныя будынкі, няма гарантыяў, што рэпрэсіі, у тым ліку супраць каталіцкіх сьвятароў, спыняцца.
«Ня будзе нейкіх цудаў дзякуючы гэтаму візыту. Будзе, можа быць, шмат абяцаньняў і словаў абнадзейваньня, але спадзявацца на кардынальныя зьмены пакуль што не даводзіцца», — мяркуе ксёндз Юры.
Ён адзначае, што і санкцыі зь Беларусі ня здымуць толькі дзякуючы прыезду Гуджэроцьці. Але ўлады ў Беларусі атрымаюць дзякуючы гэтаму візыту прызнаньне.
«Злачынцы, якія незаконным чынам трымаюць уладу, хочуць прызнаньня ўсяго сьвету. Калі такі чыноўнік прыяжджае, цалуецца, абдымаецца, карцінка ў тэлевізіі ў Беларусі будзе цудоўная. Шампанскага могуць выпіць. Гэта паказвае, што ў нас усё добра, братэрская любоў паміж Беларусьсю і Ватыканам. Яны пацьвердзяць, што нас прызнае папа, дабрааслаўляе нас», — разважае сьвятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк пачаў службу ў Барысаве