Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што ў ноч на 22 кастрычніка часова спыняла рух на двух памежных зь Беларусьсю пунктах пропуску — у Медніках і Салечніках.
«Гэта захад дзеля бясьпекі Літвы, зьвязаны з паветранымі балёнамі, уначы запушчанымі зь Беларусі ў Літву», — адзначаецца на афіцыйным сайце памежнай службы.
Уначы, як адзначылі літоўскія памежнікі, рух і патокі праз гэтыя пункты пропуску мінімальныя. Канчаткова рашэньне аб аднаўленьні памежнага руху ўхваляць пасьля адкрыцьця Віленскага аэрапорту.
Агенцтва BNS паведаміла, што з прычыны залёту зь Беларусі аэрастатаў з кантрабандай Віленскі аэрапорт вымушаны быў закрыцца зь вечара 21 кастрычніка да раніцы наступнага дня. Раніцай заставаліся закрытымі і пераходы.
Паводле прэсавай сакратаркі кампаніі Lietuvos oro uostai (Літоўскія аэрапорты) Віталіі Рочэ, абмежаваньні закранулі 4 тысячы пасажыраў і прыблізна 30 рэйсаў. 14 рэйсаў перанакіравалі ў Коўна, яшчэ два — у Рыгу і па адным — у Палангу і Варшаву. 10 рэйсаў скасавалі.
На момант аднаўленьня працы аэрапорту ў Вільні раніцай 22 кастрычніка пяць рэйсаў спазьняліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве назвалі запуск зондаў зь Беларусі «скаардынаванай апэрацыяй», іх знайшлі ў 5 раёнахДзейвідас Матулёніс, галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы, ня выключыў, што мяжу зь Беларусьсю могуць закрыць на больш працяглы пэрыяд. Паводле яго, гэтае пытаньне будуць абмяркоўваць 22 кастрычніка на пасяджэньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі, паведаміла LRT.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі сьцьвярджаюць, што а 9-й раніцы рух у гэтых двух пунктах пропуску аднавілі, як на выезд, так і на ўезд. Паводле беларускіх памежнікаў, за час спыненьня руху чэргі перад гэтымі пунктамі вырасьлі нязначна.
Апошні раз працу аэрапорту кантрабандныя балёны спынялі ў пачатку кастрычніка. Тады паветраную прастору Літвы парушылі больш за 20 мэтэазондаў.
Пасьля таго як Літва закрыла частку памежных пераходаў зь Беларусьсю, паставіла фізычную загароду на мяжы і ўзмацніла яе ахову, мэтэазонды сталі адным з самых папулярных спосабаў кантрабанды цыгарэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паветраная прастора ўздоўж мяжы Літвы зь Беларусьсю будзе закрытая да сьнежня