Пасьля таго як дзясяткі паветраных зондаў з кантрабандай уначы прыляцелі зь Беларусі ў Літву і парушылі працу Віленскага аэрапорту, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас заявіў, што літоўскія памежнікі перахапілі 12 такіх мэтэазондаў і затрымалі чатырох чалавек, піша BNS.
«Увогуле гэтай ноччу было перахоплена 12 мэтэазондаў, затрыманыя чацьвёра падазраваных», — паведаміў кіраўнік памежнай службы Літвы журналістам у сераду.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене раніцай 22 кастрычніка выказала спадзеў, што Менск таксама будзе адказна ставіцца да такіх сытуацыяў.
«Я б вельмі хацела, каб Беларусь адказна ставілася да гэтых падзеяў. Якімі б ні былі палітычныя адносіны, мы мусім супрацоўнічаць на тэхнічным узроўні. Ненармальна, што гэтыя балёны перасякаюць нашу мяжу, а мы павінны іх лавіць і не дапускаць да нашых стратэгічных абʼектаў», — сказала Ругінене журналістам.
Балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт зь Беларусі, запускалі не з аднаго месца, гэта была скаардынаваная апэрацыя, заявіў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.
«Інтэнсіўнасьць запуску зондаў таксама вельмі высокая, і, хутчэй за ўсё, гэта быў не адзін пункт, гэта была скаардынаваная апэрацыя», — сказаў ён у сераду радыё LRT.
Паводле кіраўніка НЦУК Літвы, зонды з кантрабандай, якія ляцелі зь Беларусі, ужо знойдзеныя ў пяці памежных раёнах: Лазьдзейскім, Друскеніцкім, Аранскім, Салечніцкім і Віленскім.
«Апошні „налёт“ бы зафіксаваны ў раёне Віленскага аэрапорту. Геаграфія насамрэч вельмі шырокая», — сказаў ён.
«Выглядае, гэта было самае інтэнсіўнае ўварваньне паветраных зондаў для кантрабанды цыгарэт у нашу краіну сёлета. Гэтая інтэнсіўнасьць вымяраецца двума парамэтрамі: часам, цягам якога паветраныя балёны запускалі ў нашу краіну, і іх колькасьцю. Менавіта таму паветраная навігацыя прыняла рашэньне прыпыніць палёты для запэўненьня бясьпекі цывільнай авіяцыі», — заявіў Віткаўскас.
Агенцтва BNS паведамляла, што праз пагрозу ад гэтых паветраных балёнаў Віленскі міжнародны аэрапорт быў закрыты зь вечара аўторка да 6.30 серады, а рух праз абодва дзейныя памежныя пункты пропуску з Беларусьсю — Меднікі і Салечнікі — уначы часова прыпынілі.
Паводле Віткаўскаса, рашэньне часова закрыць памежныя пункты пропуску прынялі з апэратыўных прычын, дзеля засьцярогі.
З словаў кіраўніка НЦУК Літвы, пошук паветраных зондаў працягваюць. Цяпер затрыманы адзін грамадзянін, знойдзена пяць балёнаў і каля 7 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт. На 9:00 раніцы такіх зондаў з кантрабандай у паветранай Літвы прасторы ўжо няма.
Паводле яго, паколькі палёты такіх паветраных балёнаў не рэгулююцца, яны ляцяць, куды нясе вецер, і залятаюць у прастору Віленскага аэрапорту выпадкова.
Апошні раз кантрабандныя балёны спынялі працу аэрапорту ў пачатку кастрычніка. Тады паветраную прастору Літвы парушылі больш за 20 мэтэазондаў.
Пасьля таго як Літва закрыла частку памежных пераходаў зь Беларусьсю, паставіла фізычную загароду на мяжы і ўзмацніла яе ахову, мэтэазонды сталі адным з самых папулярных спосабаў перавозу кантрабандных цыгарэт.
Дзейвідас Матулёніс, галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы, ня выключыў, што мяжу зь Беларусьсю могуць закрыць на больш працяглы пэрыяд. Паводле яго, гэтае пытаньне будуць абмяркоўваць 22 кастрычніка на паседжаньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі, паведаміла літоўскае выданьне LRT.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спыняла рух праз апошнія пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю пасьля інцыдэнту з аэрастатамі