Пра гэта Дональд Трамп сказаў у Белым доме, тлумачачы журналістам прычыну прыпыненьня падрыхтоўкі да сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі, якую меркавалі правесьці ў Будапэшце.
«Я не хачу праводзіць бескарысную сустрэчу. Не хачу марнаваць час, так што паглядзім, як усё пойдзе. Але мы заключылі столькі выдатных угодаў — выдатных мірных пагадненьняў», — заявіў амэрыканскі прэзыдэнт.
Паводле Трампа, ён заклікаў бакі спыніцца на лініі фронту і «пайсьці па дамах», каб усе «крыху адпачылі».
«Бо цяпер дзьве краіны забіваюць адна адну. Дзьве краіны трацяць па пяць-сем тысяч салдатаў у тыдзень. Так што паглядзім, што будзе далей. Мы пакуль не прынялі рашэньня», — сказаў Трамп.
Агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцы пісала, што сустрэча Трампа і Пуціна «на паўзе», бо Крэмль адмовіўся неадкладна спыніць агонь ва Ўкраіне. «Мяркую, расейцы хацелі зашмат, і амэрыканцам стала відавочна, што ў Будапэшце Трампу ня ўдасца заключыць угоду», — сказаў агенцтву адзін з дыпляматаў.
Трамп днямі заявіў, што Ўкраіне і Расеі трэба спыніцца на цяперашняй лініі фронту. Да гэтага The Washington Post з спасылкай на дзьве высокапастаўленыя крыніцы паведамляў, што ў тэлефоннай размове з Трампам 16 кастрычніка Пуцін запатрабаваў ад Украіны перадачы Расеі ўсёй тэрыторыі Данецкай вобласьці як умовы для спыненьня вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча Трампа і Пуціна бліжэйшым часам не плянуецца. Дыпляматычныя перамовы зайшлі ў тупік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Украіне і Расеі трэба спыніцца на цяперашняй лініі фронту