«Павінны быць амэрыканскія рэжысэр і актор у ролі Освальда», — дасьледнік менскага пэрыяду Освальда аб прапанове Лукашэнкі

Аляксандар Лукашук на гаўбцы менскай кватэры Освальда зь ягоным здымкам. Архіўнае фота

Беларусь прапанавала Мардовіі зьняць сэрыял пра забойцу прэзыдэнта Кенэдзі Освальда, які пэўны час жыў у Менску. Якім мелася б быць мастацкае кіно пра менскі пэрыяд Освальда, пагутарылі зь пісьменьнікам Аляксандрам Лукашуком.

Былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук шмат гадоў дасьледаваў менскі пэрыяд Лі Гарві Освальда, вынікам чаго сталі кніга «Освальд у Менску» і відэафільм «Освальд у Менску» да 50-х угодкаў забойства прэзыдэнта Кенэдзі, які атрымаў «Срэбную ўзнагароду адметнасьці» ад амэрыканскай Акадэміі інтэрактыўнага і візуальнага мастацтва, Нью-Ёрк.

У нядзелю 26 кастрычніка ў Празе на фэстывалі «Прадмова» адбудзецца першая прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Гульня ў Освальда. Quest», якую выпусьціла выдавецтва «Камунікат».

— Пытаньне да вас як да галоўнага беларускага дасьледніка менскага пэрыяду Освальда. Як вы ацэньваеце прапанову Аляксандра Лукашэнкі мардоўскаму кінэматографу экранізаваць гісторыю Освальда ў Беларусі?

— Яна вельмі зьдзівіла ня тым, што яна зьявілася, а тым, што яна зьявілася так позна. 14 кастрычніка расейскі амбасадар у Вашынгтоне перадаў 350 старонак дакумэнтаў, зьвязаных з Освальдам, у Кангрэс ЗША. Гэта так званая дыпляматыя дакумэнтаў, калі адзін бок робіць нейкую такую паслугу другому.

Гэта адбываецца не ўпершыню. Першы раз гэта адбылося яшчэ ў 1999 годзе, калі Ельцын перадаў Білу Клінтану 39 тэчак з маскоўскімі дакумэнтамі, зьвязанымі з справай Освальда. Ну і вось зараз Масква зноў перадала. І ведаеце, хто першы зрэагаваў на гэтую перадачу?

Нейкі Кірыл Дзьмітрыеў, кіраўнік інвэстыцыйнага фонду Расеі. Сапраўды цікава: вось перадаём гістарычныя дакумэнты, а першая ўхвальная рэакцыя — ад кіраўніка інвэстыцыйнага фонду. Ідзе вайна, і, вядома, Масква хоча атрымаць нейкую ласку ад Трампа, санкцыі зьняць, дазволіць продаж нейкіх матэрыялаў, бо ўся авіяцыя вісіць там ужо на валаску. І гандаль справамі Освальда — гэта спроба атрымаць нешта ад Вашынгтону.

Прайшло 10 дзён, Лукашэнка схамянуўся і таксама загаварыў пра гэтую справу, пра гэтае кіно. Гэта ў рамках таго дыялёгу з Амэрыкай, які падсанкцыйныя краіны вядуць з адміністрацыяй Трампа ў спадзеве неяк палегчыць сваю сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго ЗША насамрэч чакаюць ад кантактаў з Лукашэнкам? Аналіз Юрыя Дракахруста

— Наколькі важныя гэтыя дакумэнты для прэзыдэнта ЗША?

— Для Трампа асабіста і для пакаленьня Трампа забойства Кенэдзі — адна з самых значных, яркіх, запамінальных падзеяў у іхным жыцьці. Яна скаланула тады ўсю Амэрыку. І адна зь першых рэчаў, якую Трамп зрабіў падчас першага прэзыдэнцтва, — гэта загад рассакрэціць некаторыя файлы Освальда. Зараз, на трэці дзень пасьля другога ўжо прыходу ў Белы дом, ён зноў падпісаў прэзыдэнцкае распараджэньне рассакрэціць справы Освальда. Было рассакрэчана 2566 тэчак дакумэнтаў, гэта каля 80 000 старонак, якія былі выкладзены ў адкрыты доступ у Нацыянальным архіве Амэрыкі.

Справа забойства Кенэдзі, сямейства Кенэдзі вельмі важныя для Трампа. Лукашэнка мог бы гэта скарыстаць і як асабісты падарунак Трампу перадаць гэтыя справы. Але ён будзе таргавацца, ён спачатку абвесьціў пра кіно.

Што значыць зьняць кіно пра Освальда ў Менску? Гэта відавочная рэч. Да мяне пасьля выхаду маіх кніг пра Освальда зьвярталіся кінэматаграфісты — і менскія, і маскоўскія, і кіеўскія, і з BBC. Вось пару месяцаў назад прадусар зь Нью-Ёрку пісаў. Усе хочуць зрабіць фільм. У Беларусі фільм ня зробіш без дазволу ўлады. Але можна і трэба зьняць кіно пра час Освальда ў Менску.

Калі гэта будзе здымаць Расея, гэта можа быць таленавітае кіно, кшталту фільму «Стылягі», які таксама здымаўся ў Менску. Але насамрэч гэты фільм павінен здымаць амэрыканскі рэжысэр, і павінен быць амэрыканскі актор у ролі Освальда. Гэта можа быць сумесная вытворчасьць. Такое кіно было б цікава паглядзець. А насамрэч мы бачым гандаль нацыянальным мінулым, гісторыяй, памяцьцю ў сваіх інтарэсах. Насамрэч гэтыя даўнія справы павінны былі быць адкрытыя для ўсіх дасьледчыкаў.

Кніга Аляксандра Лукашука пра Лі Гарві Освальда

— Раскажыце пра вашу новую кнігу-гульню пра Освальда?

— Час ідзе, і Освальд мяняецца. Упершыню я зь ім сутыкнуўся яшчэ ў 1989 годзе. Я быў у Амэрыцы і цікавіўся ім. Мне прыслалі часопіс Life 1964 году, дзе ўпершыню быў надрукаваны так званы менскі дзёньнік Освальда. Я яго тады пераклаў, і першая ў СССР публікацыя адбылася у 1990 годзе ў часопісе «Родник» накладам 400 000 асобнікаў. Гэта была тады сэнсацыя.

А з таго часу ў мяне ўжо выйшла чатыры розныя дасьледаваньні пра Освальда. На Радыё Свабода мы зрабілі дакумэнтальны фільм пра Освальда ў Менску. Але цяпер я ўжо бачу яго іначай. Бачу хутчэй праз ацэнку Набокава — як бы ён ацаніў і пабачыў гэтую гісторыю. Усё гэта ёсьць у кнізе, я вам расказваць ня буду. На сайце выдавецтва «Камунікат» можна ўведаць падрабязнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў расейскім кінэматаграфістам сумесна зьняць фільм пра Лі Гарві Освальда

Хто такі Освальд

24-гадовы Лі Гарві Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959 годзе эміграваў у СССР, правёў некалькі гадоў у Менску і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м.

22 лістапада 1963 году, у самы разгар халоднай вайны, прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі быў забіты ў Даласе. 46-гадовы прэзыдэнт Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. У наступныя паўтары гадзіны падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце быў знойдзены і арыштаваны.

Освальд сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў зь сьмяротнай зброі.

Забойства Кенэдзі расьсьледавалі шматлікія камісіі. Самая вядомая — урадавая камісія Ўорэна — у 1964 годзе прыйшла да высновы, што Освальд дзейнічаў у адзіночку. Іншую выснову зрабіў у 1978 годзе Спэцыяльны камітэт у справе тэрарызму, заявіўшы, што гэта была, імаверна, змова. Але камітэт ня змог вызначыць ніводнага іншага яе ўдзельніка, акрамя Освальда.

Для мільёнаў амэрыканцаў сёньня пытаньне застаецца адкрытым. Апытаньне, праведзенае тры гады таму інфармацыйным агенцтвам AP, паказала, што больш за 59 працэнтаў амэрыканцаў лічаць забойства вынікам змовы.

  • У канцы лістапада 2024 году, пасьля перамогі на выбарах, Дональд Трамп паўтарыў перадвыбарнае абяцаньне апублікаваць апошнія дакумэнты, зьвязаныя з забойствам Джона Кенэдзі.
  • Паводле ягонай дырэктывы ад 17 сакавіка 2025 году на сайце архіву ў ЗША апублікавалі два наборы дакумэнтаў агульным аб’ёмам больш за 60 тысяч старонак. Яны даступныя ў фармаце PDF.
  • 35-ы прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі быў застрэлены падчас візыту ў Далас, штат Тэхас, 22 лістапада 1963 году.
  • Амэрыканскае расьсьледаваньне 1964 году, праведзенае афіцыйнай камісіяй, паказала, што Кенэдзі быў забіты амэрыканскім грамадзянінам Лі Гарві Освальдам, які раней жыў у Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Менску, і што ён дзейнічаў адзін.
  • У Менску расейскай мове Освальда вучыў Станіслаў Шушкевіч.
  • Освальд быў забіты ў дэпартамэнце паліцыі Даласу праз два дні пасьля арышту.
  • Забойства прэзыдэнта Кенэдзі дагэтуль застаецца аб’ектам шматлікіх здагадак.