Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Арцёмам Здунавым прапанаваў зьняць сумесны шматсэрыйны фільм пра забойцу амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі — Лі Гарві Освальда, які на пачатку 1960-х жыў у Менску.
«Гэтая тэма ў Злучаных Штатах Амэрыкі цяперашнім прэзыдэнтам Дональдам Трампам актыўна падымалася. Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе да месца, актуальным будзе фільм», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Мардовіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павінны быць амэрыканскія рэжысэр і актор у ролі Освальда», — дасьледнік менскага пэрыяду Освальда аб прапанове ЛукашэнкіЧым знакаміты кінэматограф Мардовіі
Зьвяртаючыся да галавы Рэспублікі Мардовіі Арцёма Здунава, Лукашэнка заявіў:
«Вы ўмееце гэта рабіць. Мы былі б вельмі зацікаўлены ў абмене досьведам і дапамозе кадравай... Былі б у гэтым вельмі зацікаўленыя і маглі б надаць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансаваньня гэтага, упэўнены, цікавага фільму».
У Мардовіі ёсьць дзьве кінастудыіі: «Аллюр-фильм» і «Солар». За апошнія тры гады выйшла некалькі мастацкіх фільмаў. Сярод іх «Школа Бабы-Ягі», дзе ёсьць і беларускі «сьлед»: у галоўнай ролі расейская акторка і гумарыстка беларускага паходжаньня Алена Варабей.
У сюжэце гэтай стужкі школьніца з мэгаполісу Лена трапляе ў казачны сьвет, дзе становіцца вучаніцай школы Бабы-Ягі, — фэнтэзі з расейскім калярытам з народных казак. На папулярных сэрвісах, якія ацэньваюць фільмы рэакцыяў ад гледачоў недастаткова. То бок стужку паглядзелі так мала карыстальнікаў гэтых сэрвісаў, што няясна, якую ацэнку ёй паставіць.
«Таямніца адмірала Ўшакова» — яшчэ адно кіно, часткова зьнятае ў Мардовіі. Фільм расказвае пра жыцьцё расейскага адмірала Ўшакова ўлетку 1812 году ў вёсцы Алексееўка, на тэрыторыі сучаснай Мардовіі. Адмірала грае актор Юрый Бяляеў, а агента францускай выведкі Міхаіл Баярскі.
На расейскім сайце «Кино‑Театр.Ру» рэйтынг складае 5 з 10 магчымых балаў на падставе толькі 3 галасоў. Вядома, што прэм’ера фільму адбылася сёлета ў жніўні ў Саранску — сталіцы Мардовіі, пра шырэйшы паказ кінастужкі нічога невядома. Абодва фільмы выйшлі за гранты расейскага Прэзыдэнцкага фонду культурных ініцыятываў.
Освальд са сваёй жонкай Марынай у Менску, архіўнае фота
Навошта Лукашэнку кіно пра Освальда і пры чым тут Трамп
Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі бачыць у ініцыятыве Лукашэнкі здымаць кіно пра Освальда найперш палітычны складнік. Такой думкай Класкоўскі падзяліўся з Свабодай.
Аляксандар Класкоўскі
«Лукашэнка хоча дагадзіць Трампу, ведаючы яго цікавасьць да забойства Кенэдзі. У Трампа страляў Томас Мэт’ю Крукс, які перад замахам рабіў запыт у інтэрнэце, зь якой адлегласьці Освальд цэліўся ў Кенэдзі. То бок Крукс вывучаў досьвед Освальда. Да таго ж адміністрацыя Трампа рассакрэціла вялікі масіў дакумэнтаў, зьвязаных з замахам на Кенэдзі. Трамп зацікаўлены, Трамп у тэме — куля прасьвісьцела каля ягонага вуха.
Спадзеў Лукашэнкі, вядома, наіўны, бо наўрад ці Трамп стане глядзець гэты шэдэўр беларуска-мардоўскага кінэматографу», — мяркуе палітычны аглядальнік.
Другі інтарэс Лукашэнкі, на думку Аляксандра Класкоўскага, — каб проста загрузіць працай кінастудыю «Беларусьфільм»: мардоўскі бок выказаў гатоўнасьць 80% сэрыялу здымаць у Менску, бо менавіта тут адбываліся падзеі.
«Параўнальна нядаўна Лукашэнка наведаў „Беларусьфільм“, даваў ім чосу за дрэнную працу, казаў, што трэба ствараць шэдэўры. Можа, і грошай трохі перападзе студыі на гэтым праекце», — мяркуе ён.
«Беларусь там пакуль толькі тэхнічная пляцоўка»
Cузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч таксама заўважае найперш палітычны складнік: Лукашэнка камплімэнтарна адгукаецца пра Трампа і ягоную палітыку, а таксама прымае ў сябе спэцыяльнага пасланца Трампа — Кіта Келага.
Ірэна Кацяловіч
«Дзяржаўны кінэматограф у Беларусі часта адлюстроўвае палітычныя фокусы ды ідэалёгію, як было і зь фільмам «Мы — браты», і з антыпольскім «На тым беразе», з шмат якімі іншымі стужкамі. Чыноўнікі ад кіно і культуры часта кажуць, што «кіно — гэта ў першую чаргу ідэалёгія» і што «Беларусьфільм — „дзяржаўная кампанія, якая ў першую чаргу працуе для дзяржавы“. Таму, магчыма, калі Лукашэнка пачуў аб праекце пра Освальда, ён палічыў гэта за магчымасьць прыцягнуць увагу Трампа, стаць для яго цікавым, прадэманстраваць ляяльнасць. А тут яшчэ трэба клапаціцца, каб „Беларусьфільм“ зарабляў грошы, дык увогуле гэты праект быццам сам Бог паслаў, пагатоў 80% фільму плянуецца здымаць у Беларусі», — выказвае сваю думку Ірэна Кацяловіч.
Частая ўдзельнца журы міжнародных кінафэстываляў, Ірэна Кацяловіч ня можа прыгадаць посьпехаў мардоўскіх фільмаў.
«Посьпехі мардоўскага кіно мною пакуль не заўважныя, але агулам рэгіянальнае кіно Расеі мае патэнцыял і ўжо давала нагоды казаць пра пэўныя фэномэны — тут перадусім гаворка пра Якуцію», — кажа Кацяловіч.
Пра забойства амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі зьнята некалькі дзясяткаў мастацкіх і дакумэнтальных стужак, некалькі сэрыялаў. Пералічым толькі пяць:
- «Чатыры дні ў лістападзе» (1964 год), дакумэнтальны фільм, ЗША, рэжысэр Мэл Ст’юарт
- «Прывід Освальда» (2007 год), мастацкая стужка, ЗША — Вялікая Брытанія, рэжысэр Робэрт Стоўн
- «Забойства Кенэдзі» (2013 год), гістарычная драма, ЗША, рэжысэр Нэльсан Маккормік
- «Джон Кенэдзі: Парахавы дым» (2013) дакумэнтальны фільм, Канада, рэжысэр Малколм Макдональд
- «Як забілі Джона Кенэдзі» (2021), дакумэнтальны фільм-расьсьледаваньне, ЗША, рэжысэр Олівэр Стоўн.
Няўжо беларускія кінэматаграфісты здольныя канкураваць з такімі імёнамі?
Ірэна Кацяловіч мяркуе, што аўтар якой-хаця нацыянальнасці сваім мастацкім выказваньнем можа канкураваць з выказваньнямі на падобную тэму вядомых у кінаіндустрыі рэжысэраў.
«У рэчаіснасці, што праўда, гаворка пра канкурэнтаздольнасьць ня толькі самога фільму, але і таго, што вакол яго — якасьці і бюджэту прамоцыі, прадусарскай працы на міжнародным узроўні зь міжнароднымі пляцоўкамі, прафэсійнай супрацы з агентамі продажаў. Такіх ведаў і досьведу дзяржаўнае кіно ня мае», — гаворыць Ірэна Кацяловіч.
Яна магла б назваць беларускіх рэжысэраў, здольных на таленавітае ўнікальнае выказваньне, але яны не супрацоўнічаюць зь беларускай дзяржавай і пераважна працуюць за мяжою.
«У кожным разе мне не здаецца, што ў гэтым праекце мяркуецца ўдзел беларускіх кінэматаграфістаў: з таго, што я пачула, Беларусь да праекту пакуль толькі „прымазваецца“ пляцоўкай і тэхнічнай часткай. Да таго ж у схеме беларуска-расейскай кінапрадукцыі звычайна мяркуецца менавіта расейскі творчы склад, а „Беларусьфільм“ удзельнічае як тэхнічны памагаты», — зважае Ірэна Кацяловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка разьнёс «Беларусьфільм» за няякаснае кіно. Міністар культуры: «Кіношнікі разьехаліся. Але мы іх вернем»«Гэта будзе катастрафічным марнаваньнем грошай»
Сэрыял пра Освальда можа стаць дзяржаўнай замовай, як было з ужо згаданымі стужкамі «На тым беразе» або «Мы — браты». Тэма забойства Кенэдзі, у прынцыпе, выйгрышная, інтрыгоўная, Прагляды забясьпечаць: прымусяць глядзець школьнікаў, бюджэтнікаў, мяркуе Ірэна Кацяловіч.
«Беларускі дзяржаўны кінэматограф — гэта найперш інструмэнт прасоўваньня ідэалёгіі. Мы бачым абсалютную неканкурэнтаздольнасць зьнятых на „Беларусьфільме“ мастацкіх стужак у міжнародным кантэксце, іх нецікавасьць для ўнутранай публікі, іх нязначнасьць у сэнсе мастацкасьці і мовы кіно.
На жаль, сёньняшняе дзяржаўнае беларускае кіно недалёка адышло ад пэўных савецкіх практык, а ў зьвязку з такімі абставінамі, як бюракратычнасьць, брак школы, нізкаякасная адукацыя, гэта будзе катастрафічным марнаваньнем грошай», — выказвае думку Ірэна Кацяловіч.
Фільм «Мы — браты» выйшаў у Беларусі ў 2015 годзе, адразу па выхадзе ён меў на сайце «Кинопоиску» адзнаку 1 з 10, пасьля яна паднялася да 2 з 10. Цяпер фільм мае на «Кинопоиске» адзнаку 6,4 на IMDb - 3,2 з 10 магчымых балаў.
Праект быў заяўлены як «нацыянальны» зь бюджэтам каля 2 мільёнаў даляраў. У ім ёсьць адсылка да падзеяў сьнежня 2010 году, калі людзі пратэставалі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Каб зьняць гэты момант, перакрылі праспэкт Незалежнасьці, і масоўка прайшлася маршам да Дому ўраду. Але замест рэальных палітычных лёзунгаў масоўцы загадалі выгукаць: «Что-то не так!»
Масоўка падчас здымак фільму «Мы — браты»
Сёлета ў Беларусі выйшаў фільм «Класная» пра гісторыю настаўніцы, якая адпрацоўвае разьмеркаваньне ў беларускім аграгарадку. Рэйтынг фільму паводле IMDb — 5,5 з 10 магчымых.
35-ы прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі быў застрэлены падчас візыту ў Далас, штат Тэхас, 22 лістапада 1963 году.
Амэрыканскае расьсьледаваньне 1964 году, праведзенае афіцыйнай камісіяй, паказала, што Джона Кенэдзі забіў амэрыканскі грамадзянін Лі Гарві Освальдам, які раней жыў у Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Менску, і што ён дзейнічаў адзін.
У Менску расейскай мове яго вучыў Станіслаў Шушкевіч.
Освальд быў забіты ў дэпартамэнце паліцыі Даласу праз два дні пасьля арышту.
Забойства прэзыдэнта Кенэдзі дагэтуль застаецца аб’ектам шматлікіх здагадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму на «Беларусьфільме» «кіна ня будзе». Тлумачыць Валер Карбалевіч