Асабліва уражваюць з успамінаў Міхаіла ягоныя распавяды пра статус «злосьніка» і эпідэміі, якая ходзіць па «Воўчых норах».
«Школа маладога байца»
Калі чалавек прыязджае ў калёнію, першым чынам яго чакае карантын. Гэта 14 дзён, калі вязень яшчэ не паўнавартасны «жыхар» калёніі, а толькі знаёміцца з правіламі і не кантактуе з астатнімі зьняволенымі, якія ўжо прайшлі карантын. Паводле Міхаіла, гэта падобна на «школу маладога байца».
«Там ты знаходзішся пад кіраўніцтвам заўгасу — асуджанага, які мае самую высокую пасаду з „актывістаў“ (гэта тыя зьняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй). Гэты заўгас вырашае твой далейшы лёс: напрыклад, ты можаш добраахвотна стаць удзельнікам спартовай сэкцыі ці мастацкай самадзейнасьці», — сказаў Міхаіл.
Што такое «хрэсьбіны» ў калёніі
Міхаіл прыехаў у калёнію ўжо маючы прафіляктычны ўлік. Як іншых палітвязьняў, яго яшчэ на стадыі сьледзтва прызналі нібыта схільным да «экстрэмісцкай» дзейнасьці. Таму такім, як ён, зь першага дня дадавалі новыя фармальныя парушэньні. Напрыклад, «палітычныя» могуць нібыта не павітацца з супрацоўнікамі калёніі альбо атрымаць заўвагу за тое, што яны не паголеныя — нават калі гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Пасьля такіх парушэньняў палітвязьні мусяць пісаць тлумачэньні, на падставе якіх выносяцца пакараньні.
«Пасьля гэтага адбываюцца так званыя „хрэсьбіны”— гэта размовы з начальнікам альбо ягоным намесьнікам, у час якіх гэтыя людзі вырашаюць, што з табой рабіць. Могуць кінуць у ШЫЗА, пазбавіць спатканьняў ці званкоў, абмежаваць права на пасылку ці перадачу, вынесьці вымову. Але ўсё гэта робіцца, каб пасьля трох парушэньняў надаць табе статус „злоснага парушальніка“, — узгадвае Міхаіл.
Былы палітвязень тлумачыць, якія яшчэ большыя абмежаваньні накладае на асуджанага гэты статус.
„„Злосьніку“ абмяжоўваюцца права на званкі, на якія па прыезьдзе і без таго ня так проста атрымаць дазвол. Таксама ты ня можаш патраціць у мясцовай краме больш грошай, чым на дзьве базавыя велічыні — гэта 84 рублі. А цэны ў краме прыкладна такія ж, як і на волі. Можна набыць рэчы для гігіены, мясныя і кандытарскія вырабы, часам — садавіну ці гародніну. Але яе завозяць рэдка і мала, таму табе папросту можа не хапіць, бо мінулы атрад усё разабраў. Напрыклад, я толькі аднойчы за лета змог купіць цыбулю», — падзяліўся Міхаіл.
У ПК-22, пра якую вядзецца размова, палітвязьні зазнаюць таксама іншых формаў ціску.
Адна зь іх — праверкі, якія адбываюцца двойчы альбо нават тройчы на дзень. Таксама гэта праверкі асабістых рэчаў у тумбачках і ў торбах, якія знаходзяцца ў кладавой — там усё мусіць быць строга паводле вопісу. Нават лішні яблык ці адсутнасьць адной упакоўкі супу можа стаць нагодай для ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шпіталь як турма. Як выглядае прымусовае лячэньне і псыхіятрычная экспэртыза для палітвязьняўПросьбы пісаць на памілаваньне і здымацца ў прапагандыскіх відэа
Паводле ўспамінаў Міхаіла, у калёнію пастаянна прыяжджалі людзі з прапановамі падаваць заявы на памілаваньне. Гутаркі з такімі пасланцамі маглі адбывацца часта і займаць некалькі гадзін.
«Палітычных сталі выклікаць на такія гутаркі дзесьці зь лета 2024 году, — узгадвае Міхаіл. — Яны распытваюць пра стаўленьне да дзейнай улады, пытаюцца, ці прызнаеш віну, ці працягнеш сваю мінулую дзейнасьць, калі выйдзеш на волю. Таксама пагражаюць „тэчкай“, якая ёсьць на цябе: нібыта ты можаш атрымаць дадатковы тэрмін. На некаторых гэта дзейнічае, бо ніхто ж ня ведае, што там на цябе яшчэ можа быць.
Аднак я ведаю, што некаторыя палітвязьні прынцыпова адмаўляюцца пісаць такія прашэньні — думаю, такіх ня менш за палову. Асобна таксама ўгаворваюць зьняцца ў прапагандысцкіх фільмах. Некаторыя кажуць, нельга адмовіцца, аднак у нашай калёніі было інакш: я асабіста ведаю чалавека, які цьвёрда адмовіўся і яго не здымалі».
Эпідэмія каросты
Сапраўдная бяда ў калёніі — эпідэмія каросты. Яна часта перадаецца праз матрацы, якія зьняволеныя перадаюць адзін аднаму — напрыклад, калі пасьля карантыну хтосьці хоча замяніць матрац на таўсьцейшы.
«Калі вязьняў з каростай разьмяшчаюць у мэдсанчастцы, то матрацы аддаюць на „пражарку“ — і гэта крыху ратуе. Але каб спыніць эпідэмію, трэба яе прызнаць і зрабіць паўнавартасныя захады. А куды яны будуць высяляць усіх людзей? Так яны ў адным месцы вырашаюць пытаньне — але ў іншым гэта зноў вылазіць.
Вядома, каб падтрымаць здароўе, раз на месяц вязьні маюць права напісаць заяву на мэдычную перадачу. Але часам і ў ёй могуць адмовіць альбо цалкам выкрэсьліць вітаміны. Пытаюцца: „А навошта табе гэта? У нас добра кормяць і вітамінаў хапае“, — узгадаў Міхаіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маляваў каваю з дапамогай ваты». Як творчасьць дапамагае палітвязьням перажываць зьняволеньне