У рэзалюцыі, прынятай у сераду, Эўрапейскі парлямэнт цьвёрда асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі, выказаў салідарнасьць з апанэнтамі рэжыму Лукашэнкі, запатрабавалі неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, кампэнсацыі і аднаўленьня іх правоў, выказалі шкадаваньне з нагоды злоўжываньня судовымі і праваахоўнымі сыстэмамі з боку ўладаў для парушэньня правоў чалавека.
Таксама ў рэзалюцыі зноў заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі, пацьвердзілі сваю падтрымку беларускім дэмакратычным сілам на чале са Сьвятланай Ціханоўскай, заклікалі ЭЗ забясьпечыць палітычную і фінансавую падтрымку, а таксама бясьпеку апазыцыі, выказалі пажаданьне, каб ЭЗ і міжнародныя арганізацыі фармалізавалі прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл на міжнародных форумах.
У дакумэнце заклікалі да новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам, падкрэсьліўшы, што любое галасаваньне, праведзенае ва ўмовах рэпрэсій, ня можа адпавядаць дэмакратычным стандартам. Засьцераглі наконт выкарыстаньня Лукашэнкам палітычных зьняволеных у якасьці рычага ўплыву на перамовах з Захадам, адзначыўшы, што кожны раз вызваленьні суправаджаліся новымі затрыманьнямі.
Аўтары дакумэнту выступілі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, студэнтаў і спэцыялістаў у выгнаньні, асудзілі напады на незалежныя СМІ і арышты журналістаў, заявілі, што ЭЗ мусіў забясьпечыць незалежным СМІ сыстэмную і шматгадовую дапамогу, уключаючы фінансаваньне.
У дакумэнце запатрабавалі тэрміновых захадаў, каб супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям і абараняць беларусаў у выгнаньні, заклікалі ЭЗ у цэлым і краіны, якія ў яго уваходзяць, працягнуць расьсьледаваньне парушэньняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі, асудзілі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і выказалі занепакоенасьць пашырэньнем вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікала ЭЗ узмацніць санкцыі ў дачыненьні асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел Беларусі ў вайне.
Таксама аўтары заклікалі да дбайнага расьсьледаваньня і ліквідацыі беларускіх і расейскіх шпіёнскіх сетак у ЭЗ і падкрэсьлілі неабходнасьць увядзеньня абмежаваньняў у дачыненьні да расейскіх і беларускіх дыпляматаў.
Рэзалюцыю прынялі 458 галасамі «за» пры 18 «супраць». 84 чалавекі «ўстрымаліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без рэальных саюзьнікаў мы вядзем прайграную бітву». Ціханоўскія выступілі ў Эўрапарлямэнце