Генэральная пракуратура выявіла ў «Менскэнэрга» больш за 20 фактаў парушэньня антыкарупцыйнага заканадаўства

Генэральная пракуратура Беларусі

Больш за 20 фактаў занятку прадпрымальніцкай дзейнасьцю «асобамі, для якіх гэта забаронена ў сувязі з займанай пасадай», выявіла Генэральная пракуратура ў сыстэме дзяржпрадпрыемства.

Як паведамляе прэс-служба наглядчага органа, сярод распаўсюджаных відаў такой прадпрымальніцкай дзейнасьці названыя «ажыцьцяўленьне грузавых і пасажырскіх перавозак, гуртавы гандаль, кансультаваньне ў пытаньнях камэрцыйнай дзейнасьці».

Таксама выяўлены парушэньні заканадаўства пры ажыцьцяўленьні закупак. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра «невыкананьне антыкарупцыйных нормаў пры выкарыстаньні службовага транспарту і ігнараваньне патрабаваньняў аб прадухіленьні і ўрэгуляваньні канфлікту інтарэсаў».

У адпаведнасьці з ч. 1 арт. 17 закону «Аб барацьбе з карупцыяй» для дзяржаўных службовых асоб устаноўлена забарона займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю асабіста або праз іншых асоб, аказваць спрыяньне мужу (жонцы), блізкім сваякам або ўласьнікам у ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці, выкарыстоўваючы службовае становішча.

Генэральная пракуратура адзначае, што парушальнікі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.

Вядзеньне прадпрымальніцкай дзейнасьці асобай, для якой заканадаўчымі актамі гэта забаронена, цягне накладаньне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 420 да 1260 рублёў), нагадалі ў наглядчай структуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніка Беларускай чыгункі асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі, але скарацілі пакараньне па амністыі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Беларусі расказалі, колькі адказных асобаў летась пакаралі за карупцыю