ЗША ўвялі санкцыі супраць «Лукойла» і «Раснафты». Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным у Будапэшце

Уладзімер Пуцін і Дональд Трамп. 15 жніўня 2025 году

Абмежаваньні ў дачыненьні да двух найбуйнейшых расейскіх нафтаздабытчыкаў уведзеныя «у сувязі з адсутнасьцю ў Расіі сур’ёзнай прыхільнасьці мірнаму працэсу, накіраванаму на спыненьне вайны ва Ўкраіне». Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

Санкцыі павінны ўзмацніць ціск на расейскі энэргетычны сэктар і зьнізіць здольнасьць Крамля фінансаваць працяг вайны ва Ўкраіне.

«Прыйшоў час спыніць забойствы і неадкладна абвясьціць перамір’е. Улічваючы адмову прэзыдэнта Пуціна пакласьці канец гэтай бессэнсоўнай вайне, Міністэрства фінансаў уводзіць санкцыі ў дачыненьні да дзвюх найбуйнейшых нафтавых кампаній Расеі, якія фінансуюць ваенную машыну Крамля», — заявіў міністар фінансаў Скот Бэсэнт.

Разам з «Лукойлам» і «Раснафтай» у сьпіс трапілі 34 даччыныя прадпрыемствы, у тым ліку тыя, што займаюцца гэолягаразведкай, здабычай нафты і газу, кіраваньнем радовішчамі і лягістыкай.

Санкцыі таксама накладзеныя на нафтаперапрацоўчыя заводы — Куйбышаўскі, Новакуйбышаўскі, Сызранскі, Саратаўскі, Разанскі, Ачынскі і Камсамольскі.

ЗША заклікалі саюзнікаў пайсьці іх прыкладу і таксама ўвесьці абмежаваньні ў дачыненьні да гэтых кампаній.

Неўзабаве пасьля гэтага Дональд Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным у Будапэшце.

«Мы сустрэнемся ў будучыні», — сказаў прэзыдэнт ЗША падчас брыфінгу з генэральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.

«Я адмяніў сустрэчу з Пуціным. Мне падалося няправільным [сустракацца зараз]. Мне падалося, што мы не дасягнем таго, чаго павінны дасягнуць, таму адмяніў», — сказаў Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 19-ты пакет санкцый супраць Расеі. Пра істотнае ўзмацненьне санкцый заявілі і ў ЗША