Банкі, кіраўнік «Белнафтахіму», холдынг «Гарызонт». Хто трапіў у 19-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, архіўнае фота

Эўрапейскі Зьвяз ухваліў чарговае ўзмацненьне санкцыяў, накладзеных на Беларусь за ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны: акцэнт на тэхналёгіях, фінансах і даходах ад сыравіны. Забароненыя трансакцыі з трыма беларускімі банкамі.

Сярод асобаў пад санкцыі гэтым разам трапілі:

  • Ільля Ікан, кіраўнік «Белнафтахіму»;
  • Юры Прадко, генэральны дырэктар «Гарызонту».

Сярод прадпрыемстваў:

  • Закрытае акцыянэрнае таварыства «Галяграфічная індустрыя»;
  • Навукова-дасьледчае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут лічбавай тэлевізіі „Гарызонт“»;
  • Холдынг «Гарызонт»

У тлумачэньні напісана, што «ІЛТ Гарызонт», які ўваходзіць у склад холдынгу «Гарызонт», ёсьць адной з галоўных кампаніяў у галіне распрацоўкі і вытворчасьці спэцыялізаванай электронікі ў Рэспубліцы Беларусь. Кампанія распрацоўвае і вырабляе спэцыялізаваную прадукцыю і прадукцыю двайнога прызначэньня, такую як відэаабсталяваньне для бранятанкавай тэхнікі. «ІЛТ Гарызонт» супрацоўнічае зь Міністэрствам абароны Беларусі ў стварэньні і мадэрнізацыі мадэляў стралковых палігонаў адпаведна патрабаваньням да падрыхтоўкі вайсковых фармаваньняў і частак Узброеных Сілаў.

Акрамя таго, «ІЛТ Гарызонт» удзельнічае ў навукова-тэхнічнай праграме так званай «Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі» «Інтэлаўта». Гэтая праграма была зацьверджана Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, Юры Прадко зьвязаны з суб’ектамі, якія ўваходзяць у склад вайскова-прамысловага комплексу Беларусі, праз удзел у распрацоўцы вайсковай тэхнікі і тэхнікі двайнога прызначэньня.

Заснаваны ў 1997 годзе канцэрн «Белнафтахім» — адзін з найбуйнейшых прамысловых комплексаў у Рэспубліцы Беларусь. Ён складаецца з шматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Аляксандар Лукашэнка лічыць «Белнафтахім» адным з найважнейшых стратэгічных прадпрыемстваў Беларусі. Гэта апора эканомікі і замежнай палітыкі Беларусі, асабліва супрацы Расеі і Беларусі ў разьвіцьці супольнага рынку нафты.

Кіраўніцтва кампаніі і Лукашэнка праводзяць рэгулярныя нарады. Рэжым Лукашэнкі дапамагае «Белнафтахіму» асабліва ў пераадоленьні наступстваў санкцыяў. Такім чынам, «Белнафтахім» карыстаецца падтрымкай рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго, напісана ў тлумачэньні.

Эўразьвяз забараніў трансакцыі з трыма беларускімі банкамі

Эўразьвяз прыняў новыя санкцыі, якія забараняюць усе фінансавыя і дзелавыя апэрацыі з трыма банкамі — Альфа-Банк (Беларусь), Сбер Банк (Беларусь) і ВТБ Банк (Беларусь). Паводле рашэньня, апублікаванага 23 кастрычніка 2025 году ў афіцыйным журнале ЭЗ, забарона пачне дзейнічаць з 2 сьнежня 2025 году.

Як вынікае з тэксту рэглямэнту (ЭЗ) 2025/2033, гэтыя банкі ўключаныя ў дадатак XLIV да рэглямэнту № 833/2014, які рэгулюе абмежавальныя меры супраць Расеі. У дадатку пазначаныя арганізацыі, што знаходзяцца па-за межамі Расеі, але карыстаюцца расейскай сыстэмай фінансавых паведамленьняў SPFS або іншымі падобнымі сэрвісамі, створанымі Цэнтральным банкам Расеі — у тым ліку Mir і Сыстэмай хуткіх плацяжоў (SBP).

Паводле рашэньня, усім асобам і кампаніям у краінах Эўразьвязу будзе забаронена наўпрост ці ўскосна супрацоўнічаць з гэтымі банкамі. Гэта азначае, што эўрапейскія фінансавыя ўстановы ня змогуць праводзіць выплаты празь іх, адкрываць рахункі, выдаваць крэдыты ці аплачваць рахункі, якія абслугоўваюцца праз гэтыя банкі.

Эўразьвяз тлумачыць, што мэта гэтых захадаў — перакрыць магчымасьці абыходу санкцыяў праз фінансавыя сыстэмы, кантраляваныя расейскай дзяржавай.

Пры гэтым для ўжо падпісаных дамоваў прадугледжаны пераходны пэрыяд: апэрацыі ў кантрактах, заключаных да 24 кастрычніка 2025 году, дазваляюцца да 25 красавіка 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць «Лукойла» і «Раснафты». Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным у Будапэшце

19-ы пакет прадугледжвае:

  • Забарону на доступ грамадзян і кампаній Беларусі да крыптагаманцоў, электронных грошай і шэрагу аплатных сэрвісаў. Беларусам будзе таксама забаронена займаць кіраўнічыя пасады ў кампаніях ЭЗ, якія займаюцца крыптаактывамі.
  • Абмежаваньні на праграмнае забесьпячэньне і тэхналёгіі: пад санкцыі трапляюць кампутарныя сыстэмы кіраваньня прадпрыемствамі, праграмнае забесьпячэньне для прамысловага дызайну і вытворчасьці, банкаўскія і фінансавыя праграмы, а таксама паслугі ў сфэры штучнага інтэлекту, высокапрадукцыйных вылічэнняў, квантавых тэхналёгіяў і камэрцыйнага спадарожнікавага назіраньня.
  • Забарону на экспарт у Беларусь тавараў і матэрыялаў, якія могуць узмацніць прамысловыя і вайсковыя магчымасці краіны. Сярод іх шынная і гумовая прадукцыя, мэталы і сплавы, электронныя кампанэнты, аптычныя прылады, будаўнічыя матэрыялы, транспартныя сродкі і караблі.
  • Удар па даходах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: пад поўную забарону трапляе імпарт усіх ацыклічных вуглевадародаў (гэтыя хімічныя злучэньні складаюць асноўную частку прыроднага газу і нафты). Гэта, паводле Брусэлю, павінна скараціць валютныя паступленьні ў бюджэт Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз рыхтуе 19-ы пакет санкцый супраць Беларусі: акцэнт на тэхналёгіі, фінансы і даходы ад сыравіны

У публікацыі агенцтва Reuters адзначаецца, што Славаччына засталася апошняй краінай, якая ўстрымалася ад падпісаньня канчатковага тэксту пагадненьня пасьля таго, як краіны ЭЗ узгаднілі яго на мінулым тыдні. Славацкі прэм’ер-міністар Робэрт Фіца запатрабаваў ад Эўракамісіі гарантыяў з прычыны высокіх цэнаў на энэрганосьбіты, а таксама ўзгадненьня кліматычных мэтаў з патрэбамі аўтавытворцаў і цяжкой прамысловасьці.

Дагэтуль пад санкцыямі Эўразьвязу былі «Белінвэстбанк», «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця. У ліпені 2025 году гэтыя банкі чарговы раз трапілі пад абмежавальныя меры. Рада Эўразьвязу пашырыла «існую забарону на выдачу спэцыялізаваных фінансавых апавяшчэньняў да забароны на апэрацыі з пэўнымі беларускімі крэдытнымі ўстановамі і іх даччынымі структурамі ў Беларусі, якія адыгрываюць значную ролю ў беларускай фінансавай сыстэме і ўжо ёсьць аб’ектам абмежавальных захадаў, уведзеных ЭЗ».

Банк разьвіцьця Беларусі, «Белаграпрамбанк» і банк «Дабрабыт» афіцыйна адлучаныя ад сыстэмы SWIFT яшчэ ў сакавіку 2022 году. Эўрапейскі Зьвяз вырашыў спыніць надаваць гэтым банкам паслугі SWIFT у адказ на ўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Раней гэтыя банкі, а таксама «Беларусбанк» і «Белінвэстбанк», зазналі іншыя эўрапейскія абмежавальныя захады.

Разам з тым санкцыйны пакет прадугледжвае гуманітарныя выняткі: дазволеныя пастаўкі харчоў, угнаеньняў, мэдыкамэнтаў і мэдычных прыладаў, а таксама дзеяньні, патрэбныя для судовых і арбітражных працэсаў у краінах ЭЗ.

У дакумэнтах адзначаецца, што санкцыі ёсьць адказам на працяг «падтрымкі, якую рэжым Беларусі аказвае агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», і накіраваныя на тое, каб не дапусьціць узмацненьня «вайсковага, тэхналягічнага і прамысловага патэнцыялу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 19-ты пакет санкцый супраць Расеі. Пра істотнае ўзмацненьне санкцый заявілі і ў ЗША

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
  • 18 ліпеня 2025 году Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш», і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.