Гісторыю Натальлі Падлеўскай Свабодзе расказала юрыстка Ганна Маціеўская. Яна кажа, што іхная ініцыятыва юрыдычнай дапамогі Partyzanka дапамагала Падлеўскай афармляць дакумэнты ў суд.
Натальлі Падлеўскай 60 гадоў. Яе затрымалі ў лістападзе 2021 году нібыта за «абразу Лукашэнкі» і некалькіх прадстаўнікоў улады. У траўні 2022 году яе асудзілі на год калёніі. Яна вызвалілася ўлетку 2022 году.
Пасьля гэтага Натальля зьехала ў Польшчу, расказвае юрыстка Ганна Маціеўская, і ў верасьні 2024 году падала ў Польшчы заяву на міжнародную абарону. Аднак віза ў яе была літоўская, і паводле Дублінскага пагадненьня ейную справу меліся б разглядаць у Літве.
У Натальлі жывуць блізкія ў Польшчы.
З словаў Маціеўскай, Падлеўская падавала дакумэнты ў дзьве адміністрацыйныя ўстановы ў справах іншаземцаў у Польшчы. Ёй двойчы адмовілі: сёлета ў студзені і красавіку, і хацелі накіраваць яе і ейную справу на разгляд у Літву.
Сёлета ў чэрвені Натальля падала скаргу ў суд на гэтыя адмовы, каб ейную справу ўсё ж разгледзелі ў Польшчы. Адначасова яна падала ў варшаўскі суд заяву, каб прыпынілі выкананьне ранейшых рашэньняў аб ёй. Гэты ліст у суд яна накіравала 10 кастрычніка. Аднак ёй так і не адказалі. Разгляд заявы Натальлі ў судзе Варшавы плянуецца 24 кастрычніка, сказала юрыстка.
«Зь ёю кантактавала памежная служба, каб даведацца ейны адрас, але не паведамлялі, ці зьбіраюцца выканаць гэтае рашэньне», — адзначае Ганна Маціеўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візавыя цэнтры Польшчы пачалі абзвоньваць тых, хто запісаўся на падачу дакумэнтаў. Некаторым запіс анулявалі«Яна нават не спакавалася»
За два дні да суду ў Варшаве, на якім можа вырашыцца лёс Натальлі, да яе пад Уроцлаў, дзе яна жыла, прыехалі прадстаўнікі памежнай службы і забралі яе, каб выслаць у Літву, расказвае Маціеўская. Беларуска пасьпела паведаміць, што яе забіраюць, а потым перастала выходзіць на сувязь. Наколькі ведае юрыстка, Падлеўскую павезьлі з-пад Уроцлава ў Познань, а потым у Варшаву. Адтуль яе могуць ужо 23 кастрычніка выслаць у Літву.
«Яны павінны папярэдзіць, тым больш пажылога чалавека. Яна нават не сабрала рэчы. Чалавека ўзялі і забралі як злачынцу. Гэта можна разглядаць як пазбаўленьне волі, калі чалавека не папярэдзілі, а проста забралі і не далі абараніць свае правы. Нават не было папярэджаньня, што „мы зьбіраемся празь сем дзён накіраваць яе ў Літву“. Чалавек мусіць прынамсі спакавацца», — разважае Ганна.
Яна дадае, што ў іншых выпадках чалавека папярэджвалі загадзя і давалі тэрмін, каб падрыхтавацца да выезду. Прыкладам, Нэлі Ваданосаву папярэдзілі за сем дзён.
У Натальлі няма адваката. Яна мелася сама прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе. Аднак калі яе вышлюць у Літву, яна ня здолее сябе абараняць. Калі ж варшаўскі суд прыме рашэньне на карысьць Натальлі, а яна ўжо будзе ў Літве, няма мэханізму, які б дазволіў ёй вярнуцца адтуль у Польшчу. У яе ўжо няма візы, зь якой яна магла б уехаць у краіну, тлумачыць Маціеўская.
Свабода датэлефанавалася прэс-сакратарцы памежнай службы Польшчы ў Варшаве. Аднак яна адмовілася даваць камэнтар наконт какнрэтнага чалавека праз тэлефон. Мы зьвярнуліся ў памежную службу таксама пісьмова. Калі будзе адказ, мы яго апублікуем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Кацярыны Ваданосавай застаецца ў Польшчы. Суд вынес прамежкавае рашэньне