БРСМ і сьвятары, канцэрты й капшукі з роднай зямлёй. Як у Беларусі юнакоў адпраўлялі на службу ў армію

Цырымонія ўручэньня павестак прызыўнікам у Івацэвічах на Берасьцейшчыне. 15 кастрычніка 2025

У Беларусі 23 кастрычніка пачаўся прызыў на тэрміновую службу ва Ўзброеныя сілы.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства абароны, у першы дзень прызыву прыблізна 1 000 вайскоўцаў пачнуць службу ў Сілах спэцыяльных апэрацыяў, у Менскай вайсковай камэндатуры, у 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры і на 361-й базе аховы і абслугоўваньня.

Цягам кастрычніка–лістапада на тэрміновую службу ва Ўзброеныя сілы Беларусі паступяць прыблізна 10 000 чалавек і яшчэ прыблізна 500 — на службу ў рэзэрве.

Новы прызыў суправаджалі асаблівыя ўрачыстасьці з гэтай нагоды ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Як яны праходзілі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 60 кілямэтраў ад Менску будуюць сакрэтную вайсковую базу. Спадарожнікавыя здымкі

У войска ідуць выпускнікі школ і студэнты першых курсаў ВНУ

Ува ўсіх рэгіёнах Беларусі ўрачыстыя цырымоніі праводзінаў прызыўнікоў праходзяць двойчы на год — увесну і ўвосень. Асабліва з 2022 году, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, іх шырока асьвятляюць у дзяржаўных раённых выданьнях Беларусі. Раней такія кампаніі праводзілі не ўва ўсіх раёнах.

Цырымоніі праходзяць за пэўны час да дня прызыву і паводле тыповага ўзору, хоць маюць і невялікія адрозьненьні залежна ад рэгіёнаў. Звычайна яны адбываюцца ў раённых цэнтрах культуры.

У Вушацкім раёне, напрыклад, «гэта мерапрыемства, на якім можна ня толькі атрымаць наказы перад армейскім стартам, а і напасьледак прайсьціся па знаёмых ушацкіх вуліцах у любімых джынсах, моднай байцы і зь „нефармальнай“ прычоскай».

На пачатку цырымоніі ў Вушачы прызыўнікі ўскладаюць вянок да помніку вайскоўцам і партызанам, загінулым у Другой усясьветнай вайне. Скрын з раённай газэты «Патрыёт», 23 кастрычніка 2025 году

З Вушацкага раёну на тэрміновую службу адправяцца 29 юнакоў — ня толькі выпускнікі школ, але і студэнты вышэйшых навучальных установаў, якія толькі сёлета паступілі. Іх адпраўляюць на службу ў навучальны цэнтар у Барысаве і вайсковую частку ў Заслонаве, а таксама ў памежныя войскі і сілы спэцыяльнага прызначэньня. Ва ўрачыстай цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі БРСМ.

Як праходзяць афіцыйныя праводзіны

У цырымоніях звычайна бяруць удзел прадстаўнікі раённых уладаў, вайсковы камісар, прадстаўнікі міліцыі і мясцовых управаў МНС, прадстаўнікі мясцовых арганізацый БРСМ, а таксама сьвятары й мясцовыя творчыя калектывы.

У прамовах рэфрэнам гучыць выказваньне, што «вайсковая служба — неабходная справа для сапраўдных мужчын».

«Няма нічога больш годнага і ганаровага для мужчыны, чым абарона сваёй Айчыны і сваёй сям’і. Служба ўва Ўзброеных сілах — гэта годная старонка ў біяграфіі кожнага маладога чалавека. Вам выпаў гонар прызывацца ў год 80-годзьдзя заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны. Будзьце вартыя сваіх прадзедаў, якія прынесьлі нам гэтую Перамогу», — працытавала мясцовую чыноўніцу Натальлю Лакуц дарагічынская раённая газэта.

Пасьля ўрачыстага ўручэньня позваў перад прызыўнікамі выступілі вакалісты Дарагічынскага дому культуры «зь песьнямі пра родную зямлю, доўг і любоў да Айчыны».

У Дарагічыне позвы ўручалі пасьля зачытаньня загаду аб прызыве. Фота мясцовай раённай газэты ў нумары за 10 кастрычніка 2025 году

Дабраслаўляюць «на ратную працу»

У цырымоніях бяруць удзел і праваслаўныя сьвятары.

У складзе Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату дзейнічае сынадальны аддзел узаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фармаваньнямі. Адпаведна і ў кожнай рэгіянальнай япархіі ёсьць аналягічныя структуры, якія могуць называцца крыху інакш — аддзелы ўзаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і казацтвам.

Цырымонія асьвячэньня прызыўнікоў праваслаўным сьвятаром у Чэрыкаве. Скрын раённай газэты

У Чэрыкаве Магілёўскай вобласьці ў цырымоніі ўручэньня позваў браў удзел настаяцель храму нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы Мікалай Жук. Ён асьвяціў прызыўнікоў, а ў сваім выступе «пажадаў будучым абаронцам Радзімы дапамогі Божай у выкананьні воінскага абавязку, а сваякоў і блізкіх маладых людзей заклікаў маліцца за іх».

Што кажуць прызыўнікі і бацькі

Як вынікае з публікацый у раённых выданьнях, бацькі прызыўнікоў зычаць ім хутчэй вярнуцца дадому.

«Мой сын зусім хутка папоўніць шэрагі Ўзброеных сілаў. Ён адправіцца служыць у Слонім. Мяркую, што сын гатовы з гонарам несьці гэтае званьне і адслужыць годна. Зычу кожнаму юнаку лёгкай службы, выдатных армейскіх сяброў. Не забываць сваякоў і блізкіх, памятаць, што ўсіх нецярпліва чакаюць дома», — працытавала Натальлю Жыдовіч, маці аднаго з прызыўнікоў Горадзенскай вобласьці, ваўкавыская раённая газэта.

Вайсковы камісар Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Сьвіслацкага раёнаў Уладзімер Герасімчук нагадаў прызыўнікам, як пільна ўлады працуюць, каб у Беларусі панаваў мір.

«Мы жывём у мірнай Беларусі, але ня ўсе ведаюць, якой цаной гэты мір дасягаецца. Сілавыя структуры і розныя фармаваньні працуюць дзень і ноч, каб мы маглі хадзіць па мірных вуліцах і займацца сваёй будзённай дзейнасьцю. Неўзабаве вы таксама папоўніце шэрагі нашых абаронцаў Айчыны», — сказаў ён.

У Ваўкавыску перад прызыўнікамі выступілі навучэнцы мясцовага каледжу Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Фота мясцовага інфармацыйнага парталу «Наш час».

Прызыўнікі вельмі часта паўтараюць ідэалягічныя наратывы аб абавязковай службе ў войску.

«З разуменьнем стаўлюся да таго, што замест улюбленай гітары цяпер буду трымаць у руках зброю. Лічу, што вайсковая служба стане для мяне карысным досьведам», — сказаў журналістам прызыўнік з Вушачы Герман Седзін. Ён сёлета пачаў вучыцца ў кансэрваторыі, але яго змабілізавалі ў войска.

Капшукі з роднай зямлёй і праводзіны пад «Прощание славянки»

У некаторых рэгіёнах, у тым жа Чэрыкаве, напрыклад, прызыўнікам раздавалі капшукі з роднай зямлёй. Гэта было распаўсюджана ў гады Другой усясьветнай вайны — такі капшук лічыўся талісманам, які нібы ахоўваў вайскоўцаў ад гібелі і нагадваў аб родным доме.

У Берасьці, як паведаміла мясцовае выданьне «Брестский вестник», прызыўнікоў адпраўлялі ў вайсковыя часткі пад марш «Прощание славянки». У канцы 2021 году пад гэтыя акорды расейскіх вайскоўцаў адпраўлялі на вучэньні ў Беларусь, пасьля якіх расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.

Афіцыйная цырымонія вайсковай прысягі адбудзецца 22 лістапада. Цяпер у вайсковых частках звальняюць тых, хто адслужыў тэрміновую службу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мар’інай Горцы вайскоўцаў урачыста звольнілі ў запас. Экс-байцоў гэтай брыгады раней заўважылі на фронце ва Ўкраіне