Пасьля прысуджэньня прэміі імя Сахарава Пачобуту Польшча абяцала далей змагацца за вызваленьне яго і іншых палітвязьняў

Анджэй Пачобут у судзе. Сакавік 2021 году

«Нават адзін дзень у турме — гэта занадта шмат»,— заявілі ў МЗС Польшчы з нагоды прысуджэньня Анджэю Пачобуту прэміі Эўрапарлямэнту. Зьняволеныя журналісты Анджэй Пачобут зь Беларусі і Мзія Амаглабэлі з Грузіі атрымалі прэмію імя Сахарава.

Польскія ўлады заявілі, што пастаянна змагаюцца за вызваленьне зьняволеных у Беларусі палякаў, запэўніваюць прадстаўнікі МЗС Польшчы, піша Польскае Радыё.

«Мы вельмі радыя, што Анджэй Пачобут атрымаў прэмію Сахарава за сваю барацьбу за правы чалавека і свабоду. Нават адзін дзень у турме — гэта занадта шмат», — заявілі ў польскім Міністэрстве замежных справаў.

Узнагароду Пачобуту прынесьлі дэмакратычныя каштоўнасьці і непахіснасьць, лічыць намесьнік дзяржаўнага сакратара польскага МЗС Войцех Заянчкоўскі, якога цытуе Польскае радыё:

«Гэтая ўзнагарода таксама алегарычна сымбалізуе будучыню Анджэя Пачобута. Спадзяюся, што дзень яго вызваленьня неўзабаве надыдзе і, як свабодны чалавек, ён зможа надалей адстойваць каштоўнасьці, якія яму дарагія».

Дыплямат таксама падкрэсьліў, што ўлады Польшчы пастаянна змагаюцца за вызваленьне польскіх палітычных зьняволеных у Беларусі:

«Прыярытэт — гэта асобы, у якіх польскі пашпарт. Чым хутчэй яны будуць вызваленыя, тым хутчэй мы зможам пачаць дыялёг паміж нашымі краінамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт уганараваў беларускага палітвязьня Анджэя Пачобута прэміяй імя Сахарава

22 кастрычніка кіраўнікі палітычных групаў і старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала вызначылі ляўрэатаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 году.

Імі сталі зьняволеныя журналісты, «якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду», — Анджэй Пачобут зь Беларусі і Мзія Амаглабэлі з Грузіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца ацаніў, як эўрапейская прэмія Пачобуту паспрыяе вызваленьню палітвязьняў

Хто такі Анджэй Пачобут

Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Беларускія дэмакратычныя сілы і польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму падчас візыту ў ЗША падняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.

16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».

Пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у турмах Беларусі, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Мілінкевіч: «Прэмія Сахарава ўзмоцніць шанцы Пачобута на вызваленьне і дапаможа іншым палітвязьням»

Што такое Прэмія імя Сахарава

  • Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім Парлямэнтам у 1988 годзе, — найвышэйшая ўзнагарода Эўрапейскага Зьвязу за праваабарончую дзейнасьць.
  • Прэмію прысуджаюць асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі.
  • Сярод ранейшых пераможцаў былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары арганізацыяў, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты.
  • Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітык Аляксандар Мілінкевіч, дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Сьвятланай Ціханоўскай і яшчэ 9 асобамі.
  • Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнту называюць кандыдатаў на прэмію. Кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
  • Аб’яўляюць пераможцу звычайна ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня праводзяць у сьнежні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без рэальных саюзьнікаў мы вядзем прайграную бітву». Ціханоўскія выступілі ў Эўрапарлямэнце