«Сьледчыя праваахоўных органаў супольна з экспэртнымі ўстановамі МУС неўзабаве правядуць усе неабходныя экспэртызы і правядуць ідэнтыфікацыю рэпатрыяваных цел», — адзначаецца ў паведамленьні штабу.
Пасьля таго, як пры ранейшых абменах ва Ўкраіне выявілі целы загінулых расейскіх вайскоўцаў, украінскі бок не сьцьвярджае, што ўсе атрыманыя целы належаць украінскім вайскоўцам.
Ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць» паведамілі, што перадалі Расеі целы 31 расейскага вайскоўца. Папярэдне ўкраінскія экспэрты ідэнтыфікавалі 10 загінулых расейцаў. Целы выносілі ўкраінскія пошукавыя групы з Данецкай, Харкаўскай, Сумскай, Запароскай і Херсонскай вобласьцяў.
Украінскі бок перадаў інфармацыю сваякам расейскіх вайскоўцаў аб перадачы цела і іх ідэнтыфікацыі.
«Камандзіры расейскай арміі паўсюль забіраюць у вайскоўцаў дакумэнты, каб зьменшыць колькасьць выпадкаў самавольнага пакіданьня часткі. Апроч таго, перад адпраўкай у штурм яны забіраюць у падначаленых банкаўскія карткі. Калі становіцца вядома аб гібелі салдат, афіцэры зьнімаюць грошы зь ягонага рахунку», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага праекту.
Абмен адбываўся пры садзейнічаньні Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВВС: на вайне з Украінай загінулі найменш 118 тысяч расейскіх вайскоўцаўПрапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.
2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.
Першыя 1212 целаў былі дастаўленыя ў пункт абмену 7 чэрвеня. Расейскі бок тады заявіў, што Ўкраіна, насуперак дамоўленасьцям, ня стала іх прымаць. Украінскі бок адпрэчыў гэта, заявіўшы, што абмен спачатку плянавалі пазьней. Празь некалькі дзён ён сапраўды адбыўся. Расея атрымала 27 целаў сваіх вайскоўцаў.
Пазьней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых. У Расеі гэтую заяву пакуль не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упаўнаважаная Расеі ў правах чалавека расказала дэталі ўдзелу Беларусі ў абменах з Украінай палоннымі і цывільнымі