Былую палітзьняволеную беларуску, якая пражыла ў Польшчы год, памежнікі вывезьлі ў Літву

Натальля Падлеўская, архіўнае фота

Былую палітзьняволеную беларуску Натальлю Падлеўскую памежнікі забралі з дому, дзе яна жыла ў Польшчы, і вывезьлі ў Літву, расказала Свабодзе юрыстка Ганна Маціеўская.

Прычына ў тым, што Падлеўская ўяжджала ў Эўразьвяз па літоўскай візе. У Польшчы яна падала заяву на міжнародную абарону, але ёй двойчы адмовілі, бо, паводле Дублінскага пагадненьня, ейную сытуацыю маюць разглядаюць у Літве.

Падлеўская спрабавала абскардзіць гэтыя рашэньні праз суд. Яна больш за год пражыла ў Польшчы, у яе там жывуць блізкія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не далі спакаваць рэчы. Былую палітзьняволеную хочуць выслаць з Польшчы ў Літву

Чарговае судовае паседжаньне, дзе будзе вырашацца, ці можа Падлеўская заставацца жыць у Польшчы, заплянаванае ў судзе Варшавы на 24 кастрычніка. Аднак за два дні да гэтага, 22 кастрычніка, да Натальлі дадому пад Уроцлаў прыехалі памежнікі, забралі яе, ня даўшы часу спакаваць рэчы, і праз суткі адправілі ў Літву.

У гэтыя суткі з беларускай немагчыма было зьвязацца. Юрыстка Ганна Маціеўская параўноўвае гэтую працэдуру трансфэру са зьняволеньнем. Яна адзначае, што ў іншых падобных выпадках, якія адбываліся ў нядаўнім часе, мігрантаў папярэджвалі загадзя і давалі нейкі час, прыкладам, тыдзень, каб сабраць рэчы. У выпадку Маціеўскай яе вывезьлі зьнянацку.

Натальлі Падлеўскай 60 гадоў. Яе затрымалі ў лістападзе 2021 году нібыта за «абразу Лукашэнкі» і некалькіх прадстаўнікоў улады. У траўні 2022 году яе асудзілі на год калёніі. Яна вызвалілася ўлетку 2022 году. Пасьля гэтага Натальля зьехала ў Польшчу і ў верасьні 2024 году падалася там на міжнародную абарону.

Свабода датэлефанавалася прэс-сакратарцы памежнай службы Польшчы ў Варшаве. Аднак яна адмовілася даваць камэнтар наконт какнрэтнага чалавека праз тэлефон. Мы зьвярнуліся ў памежную службу таксама пісьмова. Калі будзе адказ, мы яго апублікуем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ камэнтуе 5 канкрэтных сытуацыяў беларусаў у выгнаньні: дэпартацыя, праблемы зь візай і рахункам, шлюб і нараджэньне дзіцяці