Глядзіце размову на відэа цалкам
0:37 — Ці будзе Мікола Дзядок пісаць новую кнігу пра турму.
3:48 — Рэакцыя на словы філёзафа і мэтадоляга Ўладзімер Мацкевіча пра памылкі 2020 году.
7:13 — Чаму беларускі пратэст прайграў у 2020-м.
15:50 — Ці ёсьць сэнс спрабаваць мяняць уладу пакуль Расея моцная і бачыць у любых пераменах у Беларусі пагрозу сваім плянам.
19:12 — Наколькі доўгім мае быць пратэст.
22:15 — Чаму ўлады баяцца анархістаў.
28:05 — Ліст палітвязьняў Дональду Трампу: Ці ініцыятыва амэрыканскага прэзыдэнта праз угоду з Лукашэнкам цяпер адзінае магчымае вырашэньне.
30:32 — Ці прыслухоўваецца цяпер грамадзтва да былых палітвязьняў.
34:20 — Якія ёсьць паралелі і адрозьненьні ў цяперашняй турме з гулагаўскімі часамі.
37:45 — Што мае сэнс рабіць цяпер людзям у Беларусі і людзям, пазбаўленым Беларусі фізычна.
41:12 — У чым Мікола Дзядок бачыць сваю асноўную задачу як аўтара і грамадзкага дзеяча.
Тут фрагмэнты
Прычыны паразы 2020 году паводле Міколы Дзядка
— Прычыны нашай паразы падзяліў на дзьве катэгорыі — аб’ектыўныя і субʼектыўныя. Абʼектыўныя — тыя, якія мы ня ў стане былі зьмяніць, а субʼектыўныя — якія мы ў стане былі зьмяніць. Абʼектыўныя —адсутнасьць расколу ў элітах і бепрэцэдэнткая падтрымка Расеі. Субʼектыўныя прычыны — гэта пераважна нашыя тактычныя і стратэгічныя памылкі.
Вялізнай памылкай я лічыў так званы культ аднаго дню, калі ўвесь час казалі, што мы выйдзем вялікім натоўпам адзін раз і рэжым Лукашэнкі абрынецца, і на наступны ранак прачнёмся ў новай Беларусі. Гэта быў сьвядомы ці несьвядомы, але падман, бо ніводная рэвалюцыя не рабіліся за адзін дзень, нават за два, за тры не рабіліся. Таму ў людзей зьяўляліся фальшывыя чаканьні, калі яны бачылі, што тыдзень мы ходзім, два, тры, і ўжо і з мянтамі бʼемся, і кактэйлі Молатава кідаем, а рэжым усё не абрынаецца.
Яшчэ адзін фактар — у пратэстоўцаў дэмакратычнага руху не было сваёй трывалай пятай калёны, агентуры ў сілавых структурах, калі яны былі патрэбныя найбольш. Прынамсі сыстэмнай працы дзесяцігодзьдзямі не вялося з сілавікамі. Хтосьці мне скажа, што то і то рабілі. Гэта ўсё я не адношу да сыстэмнай працы. І гэта страшна дала пра сябе ведаць у 20-м годзе, калі абсалютная большасьць сілавікоў згадзіліся выконваць злачынныя загады.
Яшчэ субʼектыўны фактар — адсутнічалі ў належнай колькасьці рэвалюцыйныя арганізацыі ў Беларусі, мэтанакіраваныя на рэвалюцыйную працу на працягу некалькіх год. На момант пачатку рэвалюцыі 20-га года было ўсяго чатыры рэвалюцыйныя арганізацыі ў Беларусі, гэта Эўрапейская Беларусь, Народная грамада, Рэвалюцыйнае дзеяньне і Прамень. Яны былі малаколькасныя і большая частка іх чальцоў ужо сядзела. І гэтых прафэсіяналаў не хапіла ў гадзіну X для таго, каб пераламаць сытуацыю. Пераважная большасьць людзей, якая рабіла ўсю двіжуху ў 20-м годзе, гэта былі аматары, якія навучаліся ўсяму па ходу справы. А мянты, карнікі, сілавікі, якія супрацьстаялі ім, і аналітыкі КДБ у тым ліку, гэта прафэсіяналы. А фінал двубоя аматара і прафэсіянала заўсёды прадказальны.
І апошні пункт з тактычнай памылкі. Як улады нас перамаглі? Яны не пасадзілі ў адну ноч ці нават у дзьве ці тры ночы ўсіх актывістаў, таму што ў іх не было такога рэсурсу. Яны прыходзілі за людзьмі па чарзе. Калі яны зразумелі, што рэвалюцыя ўжо не пяройдзе ў стан далейшай радыкалізацыі, яны проста пачалі плянамерную, без сьпешкі, без панікі, мэтадычную працу. Кожны дзень былі арышты дзясяткаў людзей. І ўжо ў сярэдзіне кастрычніка пратэст быў абяскроўлены. А зараз зададзімся сабе пытаньнем: калі б гэтыя людзі мелі месца, дзе б іх не арыштавалі, дзе яны маглі б зьбірацца, каардынавацца, стасавацца між сабой, ствараць нейкія каардынацыйныя органы, выпрацоўваць агульную палітыку, рабіць заявы, то бок нейкі каардынацыйны штаб, куды не маглі заходзіць мянты. І гэта мог быць любы будынак, абы ў яго не маглі заходзіць карнікі, абы ў ім людзі маглі жыць, ночыць. Проста зламаць адзін замок ва ўваходныя дзьверы — усё, будынак твой. Трэба проста было ўзяць гэты будынак альбо зрабіць палаткавы намётавы лягер на на плошчы, на адзінай плошчы і проста яго ахоўваць. Людзі бы прыяжджалі з рэгіёнаў і было аграмадная колькасьць людзей, якія гэтаму тыя тыдні, месяцы прысьвяцілі сваё жыцьцё і маглі б 24/7, як самаахоўваўся Майдан, ахоўваць гэты лягер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне засунулі бутэльку ў рот, каб засталася мая ДНК». Мікола Дзядок пра падкінутыя «кактэйлі Молатава», катаваньні ў турме і анархізм