Прадстаўнік BelPol Кабанаў пакінуў Каардынацыйную Раду

Аляксандар Кабанаў

Прадстаўнік аб’яднання BelPol, былы палітвязень Аляксандар Кабанаў выйшаў са складу Каардынацыйнай рады (КР).

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Рашэньне зьвязана з адхіленай прапановай увесьці ў КР працэдуру праверкі на паліграфе. «Калі арганізацыя не клапоціцца аб сваёй бясьпецы, там няма чаго рабіць», — заявіў Кабанаў.

Па гэтых жа прычынах былы баец палка Каліноўскага Аляксандар Клачко заявіў пра «прыпыненьне актыўнай дзейнасьці» ў Каардынацыйнай радзе да 16 сьнежня. Паводле яго слоў, да сярэдзіны сьнежня ён застанецца ў КР «у рамках міжведамаснай вайсковай камісіі».

Кабанаў і Клачко ўваходзілі ў КС у фракцыю «Воля».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праверка на паліграфе як панацэя: ці можна верыць «дэтэктару хлусьні»

Прапанова ўвесьці працэдуру праверкі на паліграфе ў Каардынацыйнай радзе не набрала кворуму. У галасаваньні па гэтым пытаньні ўзяў удзел 21 дэлегат з 77.

У пачатку верасьня фракцыя «Воля» і камісія Каардынацыйнай рады ў нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што «са жніўня 2024 года прапануюць увесьці працэдуру» праверкі на паліграфе для дэлегатаў і адказных супрацоўнікаў КР.

У дакумэнце адзначалася, што мэтазгоднасьць увядзеньня працэдуры «ў чарговы раз» паказалі сытуацыя са зьнікненьнем сьпікеркі КР Анжалікі Мельнікавай, а таксама пэўныя сумневы ў матывах дэлегаткі Вольгі Карпушонак, якая абвінаваціла дэлегата КР Паўла Латушку ў сэксуальных дамаганьнях. Латушка абвінавачваньні катэгарычна абвяргае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК падтрымаў Паўла Латушку, ён падаў у суд на Вольгу Карпушонак