Паўночная Карэя пачала будаваць мэмарыял жаўнерам, якія загінулі ў вайне Расеі супраць Украіны. Пра гэта паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на паўночнакарэйскія дзяржаўныя СМІ.
Так званы Мэмарыяльны музэй баявых геройстваў пабудуюць ў сталіцы Пхэньяне, дзе Кім Чэн Ын і пасол Расеі ў Паўночнай Карэі прысутнічалі на цырымоніі закладкі першага каменя, паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).
Кім, выступаючы на падзеі, сказаў, што музэй — «гэта сьвятое месца, прысьвечанае неўміручасьці сапраўдных патрыётаў».
Паўночная Карэя, адна з самых ізаляваных краін сьвету, паглыбіла сувязі з Расеяй пасьля ўварваньня Масквы ўва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Яна адправіла тысячы жаўнераў і зброю, каб дапамагчы Крамлю выціснуць украінскія войскі з Бранскай вобласьці Расеі.
Паводле ацэнак Паўднёвай Карэі, прынамсі 600 паўночнакарэйскіх салдатаў былі забітыя, а тысячы параненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр КНДР узнагародзіў жаўнераў, якія ваявалі на баку Расеі супраць УкраіныУ сваім выступе, апублікаваным ЦТАК, Кім высока ацаніў войскі сваёй краіны за дапамогу Расеі ў дасягненьні «рашучай перамогі».
Ён дадаў, што дачыненьні паміж Паўночнай Карэяй і Расеяй «цяпер дасягаюць свайго гістарычнага піку».
«Пхэньян заўсёды будзе з Масквой. Наша сяброўства і адзінства будуць доўжыцца вечна», — сказаў Кім.
Таксама ён сказаў, што ў мэмарыяле будуць устаноўленыя скульптуры, прысьвечаныя паўночнакарэйскім жаўнерам, якія ваявалі ў Расеі, а таксама фатаграфіі і творы мастацтва, якія выяўляюць баявыя дзеяньні.
Пасол Масквы ў Паўночнай Карэі Аляксандар Мацэгара і іншыя супрацоўнікі расейскай амбасады прысутнічалі на цырымоніі ў чацьвер, паведамляе ЦТАК.
Таксама на цырымоніі былі некалькі паўночнакарэйскіх урадавых і вайсковых чыноўнікаў, сем'і тых, хто загінуў у Расеі.
Раней у Маскве выставілі партрэты паўночнакарэйцаў, якія загінулі ў вайне за Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Паўночнай Карэі паказалі разьвітаньне Кім Чэн Ына з загінулымі на вайне супраць Украіны салдатамі