Пра гэта сьведчаць высновы сустрэчы, фармуляваньні якіх значна больш расплывістыя, чым папярэднія вэрсіі, узгодненыя пасламі, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Брусэлі.
У прыватнасьці, у папярэднім праекце высноваў быў просты заклік да Эўрапейскай камісіі распрацаваць юрыдычную прапанову выкарыстаньня замарожаных актываў для фінансавага крэдыту Ўкраіне «ў адпаведнасьці з правам ЭЗ і міжнародным правам, а таксама на аснове належнай салідарнасьці і разьмеркаваньня рызыкаў ЭЗ».
Аднак зацьверджаная вэрсія толькі прапануе Эўрапейскай камісіі «як мага хутчэй падаць варыянты фінансавага падтрыманьня» на наступныя некалькі гадоў і ня згадвае выкарыстаньня для гэтага расейскіх актываў.
Перад самітам прэм’ер-міністар Бэльгіі Барт дэ Вэвэр запатрабаваў выкананьня шэрагу ўмоваў.
Бэльгія мае патрэбу ў цьвёрдых гарантыях ад усіх іншых дзяржаваў ЭЗ, што яны будуць падзяляць адказнасць у выпадку захадаў з боку Масквы. Дэ Вэвэр таксама хоча, каб іншыя дзяржавы ЭЗ паабяцалі пачаць выкарыстоўваць расейскія актывы, замарожаныя на іх тэрыторыях.
Акрамя таго, паводле дыпляматаў, Бэльгія не хацела рызыкаваць, пакуль не атрымае ад Эўрапейскай камісіі выразных тлумачэньняў наконт праўных мэханізмаў выкарыстаньня расейскіх актываў без канфіскацыі.
Такім чынам, у высновах лідэры ЭЗ абмежаваліся больш агульнай заявай.
«Эўрапейская рада абавязваецца задаволіць неадкладныя фінансавыя патрэбы Ўкраіны на 2026–2027 гады, у тым ліку падтрымліваць яе вайсковыя і абарончыя намаганьні», — гаворыцца ў дакумэнце.
У высновах саміту ёсьць заклік да Эўрапейскай камісіі працягнуць працу, каб Эўрапейская рада магла вярнуцца да гэтага пытаньня на наступным паседжаньні.
«У адпаведнасьці з заканадаўствам ЭЗ расейскія актывы павінны заставацца замарожанымі, пакуль Расея ня спыніць агрэсію супраць Украіны і не кампэнсуе прычыненую шкоду», — у высновах саміту паўтараецца пазыцыя, ужо зацьверджаная мінулай вясной.
Высновы аб Украіне ўзгаднілі 26 з 27 краін-чальцоў, Вугоршчына зноў іх не падтрымала.
Пасля сустрэчы прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта напісаў, што ЭЗ «імкнецца падтрымліваць Украіну ў яе найбольш тэрміновых фінансавых патрэбах цягам наступных двух гадоў», падкрэсьліўшы, што Расея «павінна неадкладна спыніць вайну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 19-ты пакет санкцый супраць Расеі. Пра істотнае ўзмацненьне санкцый заявілі і ў ЗША ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкі, кіраўнік «Белнафтахіму», холдынг «Гарызонт». Хто трапіў у 19-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі