Каля схілаў «Краснай Паляны», найдаражэйшага гарналыжнага курорту Расеі, неўзабаве паўстане раскошны загарадны комплекс. На зробленых упершыню здымках гэтага месца з дрона, атрыманых журналістамі Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ), відаць будаўніцтва тут вялікіх катэджаў і інфраструктуры. На пэрымэтры ставяць плот з шматлікімі ахоўнымі пастамі. З усяго відаць, што гэта не звычайны гатэль для турыстаў.
Будаўніцтва вядуць на дзесяці гектарах зямлі, якая зь 2013 па 2021 год належала Рэспубліцы Беларусь, а у лютым 2022 году была прададзеная па нізкай цане прыватнай расейскай фірме «Комплекс-Инвест» паводле сакрэтнага распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта гэты надзел цяпер ператварыўся ў «VIP-крэпасьць» з узроўнем бясьпекі, годным кіраўніка дзяржавы.
Як высьветлілі журналісты, сумнеўным чынам атрыманыя сродкі на гэтае будаўніцтва ідуць ад кампаніяў, зьвязаных з блізкім атачэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнэрстве з Беларускім расьсьледніцкім цэнтрам(БРЦ), а таксама з ініцыятывамі «Рабочы Рух» і BelPol, выданьнямі «Важные Истории», «Слідство.Інфо» і OCCRP, пры падтрымцы супольнасьці ўкраінскіх хакераў KibOrg і беларускіх «Кібэрпартызанаў», якія дапамаглі атрымаць зьвесткі пра фігурантаў расьсьледаваньня.
Будоўля з аховай «узроўню прэзыдэнта»
Пляцоўка будаўніцтва месьціцца на 10 гектарах і мяжуе з прыродаахоўнай зонай. Дамы, якія тут паўстаюць, узвышаюцца над рэштай элітнага пасёлку. Наўпрост побач знаходзіцца помнік археалёгіі і «аб’ект культурнай спадчыны Расеі» — сярэднявечныя курганы і дальмэнападобныя магільні, датаваныя ІІІІІ стагодзьдзямі да нашай эры.
На спадарожнікавых здымках, якія атрымала Свабода, можна заўважыць, што пад будаўніцтва гэтую тэрыторыю пачалі «засвойваць» зь лета 2022 году. 4 ліпеня 2022 году на здымках бачныя першыя высечкі лесу, якія ішлі да канца лета. У траўні 2023 году працы на ўчастку аднавіліся з большым маштабам. Лес тут высякалі ўсё лета і скончылі толькі ўвосень.
У траўні 2024 году на ўчастку пачалі зьяўляцца першыя падмуркі дамоў. На восень гэтага ж году ў стадыі будаўніцтва тут ужо было каля 11 аб’ектаў.
Агульны выгляд будаўнічай пляцоўкі ў Краснай Паляне. Спадарожнікавы здымак 12 ліпеня 2025 году кампаніі Planet Labs
Журналістам БРЦ удалося двойчы адзьняць з дапамогай дрону пляцоўку будаўніцтва — у ліпені і кастрычніку 2025 году. Бачна, што працы не спынілся. Цяпер на відэа з дрону можна заўважыць чатыры катэджы. Тры звонку выглядаюць ужо амаль дабудаванымі, не хапае вокнаў і дзьвярэй.
Тры катэджы на пляцоўцы будаўніцтва. Здымак з дрону зроблены ў кастрычніку 2025 году
На ўзгорку за дрэвамі — чацьвёрты, самы вялікі трохпавярховы катэдж. Да яго вядзе доўгая лесьвіца. У гэтым будынку зь ліпеня ўжо часткова зьявіліся вокны, зь якіх адкрываецца від ня толькі на курорт, але і на кілямэтры горных хрыбтоў навокал.
Самы вялікі трохпапярховы катэдж. Здымак з дрону зроблены ў кастрычніку 2025 году
Паводле праектнай дакумэнтацыі, якую ўдалося атрымаць падчас расьсьледаваньня, у галоўным доме плошчай каля 3000 кв. м. будуць басэйн, лазьні, фітнэс-заля, зона адпачынку з барам, кінатэатар, камінны пакой з раялем, дзьве гасьцявыя спальні і адна асноўная, памяшканьне для лыжаў і вялікі працоўны кабінэт. У будынку нават прадугледжана ўсё неабходнае для жыцьця і працы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі — напрыклад, у вазку.
Выгляд памяшканьня з басэйнам на цокальным паверсе галоўнага катэджу. Ілюстрацыя з дызайн-праекту «Канцэптуальнае рашэньне інтэр’ераў комплексу „Красная Поляна“». Крыніца: BelPol
Тры катэджы побач саступаюць галоўнаму плошчай — яны па 700 кв. м, але ў кожным таксама будуць басэйн, лазьня, ядальня і па чатыры спальні.
Маштаб будоўлі кажа пра тое, што ўласьнікі «грошы ня лічаць», сказаў у камэнтары БРЦ кіраўнік дызайн-студыі «Інтер’єр-Ідея» Паўло Радчанка. Стыль пабудовы ён акрэсьліў як традыцыйнае для горных раёнаў Францыі й Швайцарыі шале.
«Тут няма эканоміі. ... То бок, усе памяшканьні максымальна вялікія, каб ужо задаволіць усе пажаданьні й патрэбы. Каб яны былі яшчэ большымі, то проста ўжо было б сапраўды нязручна імі карыстацца», — дадаў экспэрт.
Выгляд фае плошчай 150 м² зь сямімэтровымі столямі на першым паверсе галоўнага катэджу. Ілюстрацыя з дызайн-праекту «Канцэптуальнае рашэньне інтэр’ераў комплексу „Красная Поляна“». Крыніца: BelPol
На сайце сочынскіх інвэстыцыйных праектаў указана, што тут будуюць гатэльны комплекс на 31 VIP-нумар. Адказнае за будоўлю ТАА «Комплекс-Инвест». Усе працы, як вынікае з пляну, павінны скончыцца да канца 2025 году.
Гатэльны комплекс будзе складацца з асноўнага будынку, трох VIP-катэджаў, гатэлю з рэстаранам, садовага дому з зонай барбэкю, гаражу на 5 мікрааўтобусаў і 5 легкавікоў з пакоем адпачынку для кіроўцаў ды іншых збудаваньняў, патрэбных для камфортнага жыцьця і адпачынку.
Але тэхнічная спэцыфікацыя, якую ўдалося атрымаць расьсьледнікам, паказвае надзвычайны ўзровень аховы аб’екту: супрацьпадкопны сталёвы плот вышынёй ня менш за 2,5 мэтра і супрацьтаранная брама, на пэрымэтры каля шасьці пастоў аховы з будынкам для яе адпачынку, ізаляваны пакой для зброі, сыстэма для нэўтралізацыі бесьпілётнікаў, мэтала- і рэнтгендэтэктары, цеплавізары і нават «сродкі маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі і бесьперапыннага аўтаматычнага выяўленьня радыеактыўных і ядзерных матэрыялаў».
Выгляд плоту і аднаго з шасьці пастоў аховы каля яго ўвесну 2025 году на відэа аднаго з расейскіх блогераў
Паводле аднаго з былых ахоўнікаў кіраўніцтва Ўкраіны, які прааналізаваў дакумэнты для журналістаў БРЦ, гэта «аб’ект зарэжымлены» — узровень аховы ці людзей зь велізарнымі грашыма, ці прэм’ер‑міністра, ці адпаведны рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы.
Ад сакрэтнай угоды да будоўлі
Вясной 2024 году расьсьледавальнікі з ініцыятывы BelPol і журналісты тэлеканалу «Белсат» паведамілі, што каля расейскага курорту ўзводзяць ня комплекс для турыстаў, а магчымую першую публічна вядомую замежную рэзыдэнцыю для Аляксандра Лукашэнкі.
Яшчэ ў 2021 г. Лукашэнка падпісаў сакрэтнае распараджэньне № 157рп-дсп, паводле якога распарадзіўся прадаць за амаль 13 млн даляраў участак з уласнасьці Рэспублікі Беларусь расейскай прыватнай фірме «Комплекс-Инвест». Ужо праз паўгоду цану зьнізілі ўдвая — да 6,4 млн даляраў. І гэтая цана за ўчастак аказалася ў 20 разоў меншая за яго рынкавы кошт, што вынікае з дакумэнтаў ацэнкі зямельнага надзелу, адшуканых журналістамі БРЦ. Экспэртызу замаўляў новы ўласьнік, каб падаць яе банку. Яна вызначыла рэальны кошт — $131 млн. Гэта значыць, ужо на першым этапе беларуская дзяржава недалічылася амаль $125 млн.
Краявід, які можа адкрывацца з катэджаў. Здымак з дрону зроблены ў кастрычніку 2025 году
Першапачатковай уладальніцай «Комплекс-Инвест» значылася пэнсіянэрка Алена Борцава, родная сястра жонкі беларускага бізнэсоўца Ўладзімера Япрынцава, даўняга партнэра сям’і Лукашэнкаў і Юрыя Чыжа. У лютым 2024 году кампанію перапісалі на былога супрацоўніка службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі — Аляксандра Раманоўскага.
Журналістам БРЦ удалося вызначыць, адкуль фірма «Комплекс-Инвест», якая, паводле дакумэнтаў, не займалася ніякай камэрцыйнай дзейнасьцю, брала сродкі на будоўлю магчымай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Як высьветлілася, гэтае пытаньне турбавала ня толькі журналістаў, але і расейскую Фэдэральную падатковую службу. У ліпені 2023 году на допыт у Маскве выклікалі генэральнага дырэктара «Комплекс-Инвеста» Аляксея Пруднікава. У яго спыталі, адкуль кампанія бярэ сродкі для дзейнасьці. Пруднікаў адказаў — з пазык.
Хто фінансуе будаўніцтва
Журналісты-расьсьледнікі БРЦ высьветлілі, што прынамсі шэсьць фізычных і юрыдычных асобаў уклаліся ў будаўніцтва комплексу ў Краснай паляне. Усе яны зьвязаныя з атачэньнем Аляксандра Лукашэнкі. Большасьць іх атрымлівалі звышпрыбыткі ад «шэрых» схемаў, магчымых з дазволу ці з ініцыятывы ўладаў Беларусі.
- Беларускае ТАА «Рэгіянальны парадак», якое мае сувязі з прыватнай ахоўнай кампаніяйВіктара Шэймана «Гардсэрвіс» (яе называюць «лукашэнкаўскімі вагнэраўцамі»), выдала «Комплекс-Инвесту» пазыку, роўную кошту куплі зямельнага ўчастку — 6 мільёнаў даляраў;
- Былы ахоўнік Лукашэнкі Аляксандар Раманоўскі. Пасьля таго, як на яго перапісалі фірму «Комплекс-Инвест», ён выдаў уласнай фірме 5 пазыкаў на 360 мільёнаў расейскіх рублёў, ці амаль 4 мільёны даляраў;
- Расейская фірма «М.Р.И.С. Групп», заснаваная сынам былой кіраўніцы справаў Лукашэнкі Галіны Жураўковай, дадала амаль паўмільёна даляраў;
- Кіпрская «Rostumel Holding Limited», зьвязаная з Андрэем Сьвірыдавым — колішнім намесьнікам Шэймана, а цяпердырэктарам яго новай ценевай бізнэс-імпэрыі ЗАТ «Вектар Капітал Груп», — пазычыла яшчэ 1,5 млн даляраў. Гэтая кампанія была зьвязанаяз узбагачэньнем за кошт абыходу санкцыяў пры продажы прадукцыі дзяржаўнага прадпрыемства «Гродна-Азот»;
- Беларуска-кітайская «Winshun Trade Limited», вядомая кантрабанднай схемайз «курынымі лапкамі», дала больш за 10 млн даляраў;
- Дробныя пазыкі давалі расейскія кампаніі «Домино» і «Беван», якія таксама маюць дачыненьне да людзей Віктара Шэймана.
На момант падрыхтоўкі расьсьледаваньня «Комплекс-Инвест» ужо выдаткаваў на пабудову аб’екту ня менш за 19,5 мільёна даляраў.
Журналісты БРЦ намагаліся зьвязацца з кампаніямі і людзьмі, пералічанымі ў гэтым расьсьледаваньні, каб атрымаць тлумачэньні, аднак на момант выхаду расьсьледаваньня без адказу засталіся ня толькі званкі, але і лісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае «Радавое гняздо» ў францускім стылі гаспадара «Табакерак», алігарха Алексіна. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў расьсьледаваньне аб будаўніцтве яшчэ адной рэзыдэнцыі Лукашэнкі — на Менскім моры