Кніжны відэаблогер Макар летась дэбютаваў з сваёй першай кнігай пра беларускую моладзь, якая жыве ў рэаліях эпохі пасьля 2020 году. «Апошняе пакаленьне» адразу трапіла ў доўгі сьпіс прэстыжнай літаратурнай прэміі Гедройця. Не прайшло і году, як у тым жа выдавецтве «Янушкевіч» выходзіць ягоная другая кніга — «Ніці».
«Летась я падаўся на конкурс рукапісаў „Шуфлядка“, які праводзіць Беларускі ПЭН. Пераможцам конкурсу за першае месца (якое вызначае журы) абяцана выданьне папяровай кніжкі, за другое (чытацкае галасаваньне) — выданьне электроннай кніжкі. Я перамог у чытацкім галасаваньні, і павінна была выйсьці электронная вэрсія „Ніцяў“. Але выдавец маёй першай кніжкі Андрэй Янушкевіч вырашыў выдаць папяровую вэрсію. Гэта да разуменьня, чаму так хутка атрымалася. Мне проста пашанцавала», — прызнаецца Макар.
«На напісаньне кнігі мяне натхніў спэктакль «Шэпт»
Кніга «Ніці», як і «Апошняе пакаленьне», — таксама пра Беларусь, але пра Беларусь да 2020 году. Тэма актуальная — пра беларускую вёску, пра разьмеркаваньне маладых спэцыялістаў у «глыбінку», тлумачыць аўтар.
«Малады настаўнік Антон зь Менску, які закончыў пэдагагічны ўнівэрсытэт, па разьмеркаваньні трапляе ў вёску Крупа, якая знаходзіцца «ў чорта на рагах», паміж двух лясоў. У гэтай вёсцы пасьля адмысловага абраду, які называецца «Ніці», зьнікаюць нябожчыкі. Настаўнік як гарадзкі чалавек спрабуе разабрацца, што там адбываецца. Бо для тутэйшых гэта звычайная зьява, а гарадзкі ня можа зьмірыцца: «А дзе ж могілкі?» — інтрыгуе аўтар кнігі.
Вокладка кнігі «Ніці»
На яго думку, галоўны канфлікт у новым творы — гэта сутыкненьне вясковага і гарадзкога. Бо сёньняшняя моладзь, у тым ліку і сам аўтар, мала што ведаюць пра вясковае жыцьцё.
«Так, мы езьдзілі да бабуляў-дзядуляў, але мы ў вёсцы не жылі. І ня ведаем правілаў, па якіх людзі жывуць у беларускай глыбінцы. Калі прыяжджаеш на вёску, табе трэба некалькі дзён, каб зразумець, як жывуць там людзі. Таму я абраў форму дэтэктыву — каб паказаць сутыкненьне гарадзкога і вясковага, новага і старога», — тлумачыць аўтар.
Паводле Макара, гэта містычна-дэтэктыўная гісторыя, плён фантазіяў аўтара.
«На напісаньне кнігі мяне натхніў спэктакль „Шэпт“ паводле кнігі Сяргея Лескеця, які я паглядзеў летам 2023 году ў Варшаве. Пасьля прагляду спэктаклю зьявіліся і назва кнігі — „Ніці“, і шаптуха. Гэта плён маёй фантазіі», — прызнаецца аўтар.
«Я заўсёды рады чытаць і добрыя, і крытычныя водгукі»
Першая кніга Макара «раскручвалася» праз шматлікія прэзэнтацыі, сустрэчы з чытачамі, якія ладзілі ў розных гарадах, а таксама праз сацыяльныя сеткі. «Апошняе пакаленьне» трапіла ў доўгі сьпіс прэміі Гедройця. Былі і рэцэнзіі ў мэдыя.
«Я вельмі ўдзячны і „Нашай Ніве“, і Радыё Свабода. І вельмі задаволены, што такі „мэтр“, як Сяргей Дубавец, прачытаў маю кніжку і яна не пакінула яго абыякавым. Я заўсёды рады чытаць і добрыя, і крытычныя водгукі», — прызнаецца Макар.
Што да сетак, «раскрутка» там вельмі важная, бо маладое пакаленьне бесьперапынна сядзіць у тэлефонах. Але гэта ня проста абвестка пра новую кнігу, трэба шукаць новыя формы.
«Можна зьняць буктрэйлер, паказаць кнігу шырэйшаму колу людзей, чым гэтая нашая тусовачка, дзе ўсе адно аднаго ведаюць. А мне як аўтару-ноўнэйму, дэбютанту трэба шукаць, чым прывабіць патэнцыйнага чытача, каб ён дайшоў да кнігарні і купіў гэтую кнігу. Я вельмі цешуся, што сёлета ў верасьні, да прыкладу, „Апошняе пакаленьне“ зноў трапіла ў топ-5 продажаў у „Кнігаўцы“. Мне прыемна, што праз гэтулькі часу пасьля выхаду кнігі яе працягваюць купляць і абмяркоўваць», — кажа Макар.
Папулярызаваць кнігу дапамагаюць прыгожыя і таленавітыя жанчыны
На першую кнігу быў зьняты буктрэйлер. На другую аўтар вырашыў таксама зьняць буктрэйлер.
«Я вельмі ўдзячны народнай артыстцы Беларусі Зоі Белахвосьцік, якая пагадзілася граць шаптуху. Я напісаў ёй, назваўся, шчыра прызнаўся, што ў Менску вельмі любіў Купалаўскі тэатар, у Варшаве таксама хаджу на ўсе спэктаклі „Вольных купалаўцаў“. Для мяне спадарыня Зоя заўсёды была містычнай, магічнай жанчынай, і мне хацелася яе бачыць у буктрэйлеры. Яна пагадзілася зьняцца».
А яшчэ сьпявачка Наста Рыдлеўская напісала саўнд-трэк для новай кнігі Макара.
«Звычайна для фільмаў пішуць песьні, а тут саўнд-трэк для кнігі. Музыка ў Насты таксама містычная, магічная: гэта беларускі фальклёр у новым сучасным гучаньні. Мая новая кніга таксама пра сутыкненьне старога і новага, маладога, гарадзкога і вясковага. Я шукаю новыя формы для прасоўваньня сваіх кніг, каб прыцягнуць людзей, якія, магчыма, раней не чыталі па-беларуску, — для мяне гэта важна», — прызнаецца аўтар.
Ці раскрыў малады настаўнік нарэшце таямніцу, куды зьнікаюць нябожчыкі ў вёсцы Крупа?
«Так, вядома. Малады чалавек замкнуты ў глухой вёсцы, яму няма чым заняцца. І ён, вядома ж, знаходзіць!» — адказвае аўтар.
Кнігі Макара можна купіць у варшаўскай кнігарні «Кнігаўка» ці замовіць праз сайт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відэаблогер Макар Валынкін выдаў кнігу пра беларускую моладзь пасьля 2020 году