«Мусіш сам быць і аўтарам, і прадусарам, і візажыстам, і стылістам». Як у 17 гадоў выдаць 2 альбомы. Гутарка зь Юстынай Карпіловіч

Юстына Карпіловіч

Беларуска Юстына Карпіловіч выпусьціла музычны альбом з 14 песень, які называецца “Летапіс”. У яе 17 гадоў гэта ўжо другі музычны альбом у эміграцыі. Пагаварылі зь юнай кампазытаркай і сьпявачкай пра творчасьць і пра жыцьцё ў іншай краіне.

«У першага альбому не было канцэпцыі, не было тэматыкі»

Юстына вырасла ў творчай сям’і. Яе бацька — вядомы бард і пісьменьнік Зьміцер Бартосік, маці Тацяна Карпіловіч у Беларусі выкладала ў музычнай школе, цяпер акампануе сваім дзецям і мужу на баяне. Сваю першую песьню Юця напісала ў 6 гадоў, у 9 гадоў авалодала гітарай. Прыдумляла мэлёдыі, пісала тэксты, малявала ілюстрацыі. У 13 гадоў давялося з бацькамі эміграваць зь Беларусі ў Польшчу. І праз два гады яна запісала першы альбом.

— Як табе гэта ўдалося зрабіць так хутка ў іншай краіне? І чаму такі загадкавы назоў з пытальнікам — «Як тут апынуўся?»

— Першы альбом — гэта быў такі пробны варыянт. Зь ім нам дапамог журналіст Валер Руселік, ён заўважыў нашу песьню на «Белсаце». У мяне было ня так шмат часу, таму мы вырашылі запісаць песьні, якія ў мяне ўжо былі. Я прыехала з гітарай і запісала іх безь ніякіх нарэзак, бяз працы над голасам. У некаторых песьнях крышачку дадала вакальных партыяў, мама падыграла на баяне. У адной песьні брат Геральд другім голасам прасьпяваў. Але ў астатнім гэта быў такі імправіз.

У альбому не было канцэпцыі, не было тэматыкі, называўся ён «Як тут апынуўся?». Назва паходзіць ад радка першай песьні. Калі на гэты радок глядзець па-за кантэкстам, ён такі забаўны: «Як тут апынуўся?» — «Што за пытаньне? Ну проста зайшоў на Spotifу, націснуў...» Але насамрэч гэты радок больш філязафічны, мэтафарычны.

Юстына Карпіловіч падчас выступу

«Я, здаецца, адваявала сваю незалежнасьць»

— А другі альбом быў ужо з канцэпцыяй? І наагул, як табе працуецца, ствараецца, калі ўся сям’я музычная, амаль усе зоркі? Бацька, маці, брат парадамі не замучылі?

— Гэта быў ужо цэласны праект з 14 розных гісторыяў, розных матываў, якія часам супярэчаць адзін аднаму, часам згаджаюцца.Мы рыхтавался да яго, плянавалі.

Калісьці бацькі раілі мне нашмат больш. Тата, да прыкладу, любіць прычапіцца да тэкстаў. Некаторыя падказкі ўдалыя, я за іх удзячная. Я не люблю крытыкі, асабліва з боку бацькоў, бо адчуваеш сябе маленькім няздольным дзіцем.

Але апошнім часам я, здаецца, адваявала сваю незалежнасьць. Калі яны штосьці і гавораць, то вельмі асьцярожна. Мама падказвае нешта ў музычным пляне, каб твор гучаў больш цэласна, брат Гера далучыўся да музычных падказак. Мы працавалі над альбомам утраіх — я, мама і Гера. А тата ўжо ня ўдзельнічаў у аранжаваньні маіх песень. Былі яшчэ мае польскія сябры, якія дапамагалі з акампанэмэнтам, — скрыпачка Ася і піяніст Кшыштаф.

Скажу шчыра: спачатку мне было вельмі складана прымаць зьмены ў маіх творах. Гэта мой стыль, прывычны і камфортны. А тут мне рэзка: «А давай у гэтай песьні рэзка зьменім тэмп у самым канцы!» А мне, як «маці» гэтых песень, ня хочацца штосьці зьмяняць. «Пачакайце, стоп, я свае правы адстойваю!» Я не магу прыняць, што хтосьці можа ўрывацца ў маю творчасьць і ўносіць нейкія праўкі.

Праўда, я часам пагаджалася, бо некаторыя падказкі былі клёвыя і зрабілі альбом больш разнастайным. Гукавыя эфэкты кшталту флейты на фоне гуку ветру — гэта не мая заслуга, а брата Геры, маці.

Юстына Карпіловіч

«Крышачку трэба ўмець чытаць паміж радкоў!»

— Калі б я ня ведала, колькі табе гадоў насамрэч, я б ніколі не паверыла, што гэты альбом запісала 16-гадовая дзяўчына, бо аўтары тэкстаў — Антаніна Хатэнка, Тацяна Сапач. У іх складаныя творы. Як ты адбірала тэксты, што для цябе важнае?

— Паправачка: зараз мне ўжо 17. Але падчас стварэньня альбому мне было 16. У альбоме 4 песьні на вершы вядомых творцаў — Тацяны Сапач, Антаніны Хатэнкі, Анхэлі Эсьпіносы Руіс, паэта пад псэўданімам Тадэвуш Карась, астатнія — гэта мае ўласныя тэксты.

Адбірала тэксты паэтаў я не зусім сьвядома. Тата звычайна купляе кніжкі і раіць пачытаць: «Можа, будзе верш, які цябе закране». Скажу шчыра: часта, калі чытаю паэзію і нават калі сама пішу песенны тэкст, не адразу разумею, пра што гэта. І толькі праз пэўны час да мяне даходзіць, пра што. Я магу не зразумець ні сэнсу, ні філязофскай думкі, яна можа «дабегчы» да мяне нашмат пазьней нават у маіх жа тэкстах. Але чамусьці мэлядычна я адразу адчуваю слова.

Таксама там ёсьць адзін твор на верш майго сябра. Мне падабалася, як ён гучыць. Але толькі калі я перакладала яго на польскую мову і давялося паглыблена яго прачытаць, я зразумела: «Нічога сабе! Вось пра што гэта!»

— А чаму ўсе песьні ў новым альбоме — не скажу, што сумныя, але вельмі філязофскія, рамантычна-мінорныя? Здаецца, у тваім узросьце дзяўчаты пішуць больш аптымістычныя песьні пра каханьне...

— Мае знаёмыя творцы — яны ўсе такія. Яны не пазытыўныя і ня пішуць толькі пра каханьне. Я ведаю шмат моладзі, якая ў пэсымістычным настроі. Мая чалавечая патрэба — свае пачуцьці ўвабраць у нейкі твор, і гэта менш мяне пужае: «ня так усё страшна».

У мяне ёсьць песьні пра каханьне — у новым альбоме іх 4, усе яны пра розныя адценьні гэтага пачуцьця. У песьні «Здольныя» я паспрабавала мэтафарычна апісаць вельмі здаровыя стасункі паміж людзьмі: на што ідэальнае каханьне можа абапірацца. У другім куплеце я апісала дэпрэсіўны стан, які вельмі часта адчуваю: у адзіноце страшна ня тое, што ты адзін, страшна тое, што калі ты трапляеш у цяжкі стан, няма нікога, хто працягне табе руку.

У песьні «Чакай, я прыйду» ёсьць гучнае слова «забойства». Але песьня не пра забойства! Крышачку трэба ўмець чытаць паміж радкоў! Усе песьні можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.

У гэтым альбоме ёсьць простыя матывы, якія можна паўсюль сустрэць: воля, няволя, каханьне, нянавісьць, Мне хацелася па-свойму нагадаць, як да гэтага можна ставіцца.

Юстына Карпіловіч

«Сёньня я пішу на польскай, як на роднай беларускай»

— Альбом выйшаў ужо і па-польску. Як ты так хутка вывучыла польскую мову, каб перакладаць паэзію?

— Я вельмі хацела, каб альбом выйшаў і па-польску. Мне здавалася, што ў мяне няма ніякага літаратурнага ўзроўню. Але какі я гляджу на тэкст, пачынаю перакладаць — бачу, як пазл адразу складаецца! Ня ведаю, наколькі добрыя гэтыя пераклады, наколькі я не парушыла правілаў польскай мовы, наколькі «пакрыўдзіла» польскую мову. Але тэксты правярала філёляг Барбара Ружык, некаторыя пераклады рабіла яна — але яе правак у маіх перакладах было няшмат. Мне вельмі лёгка было перакладаць, мне з словам лёгка працуецца. Сёньня я пішу на польскай, як на роднай беларускай.

— А як прасоўваць сваю музыку, каб цябе пачулі? І што ты сама слухаеш?

— Я слухаю NaviBand, Akute, Relikt, :B:N:, PyLai. Пра новую музыку даведваюся праз ТыкТок — гэта самы хуткі варыянт. Мне падабаюцца песьні музыкі, у якога псэўданім Soncau.

Што да прасоўваньня... Вельмі зьмяніўся сьвет, і калі ты хочаш, каб цябе пачулі, трэба ўмець працаваць у сацыяльных сетках. Ня проста ты выставіў свой твор: гэта праца. У мяне няма добрага досьведу, каб прасоўваць свае творы. Ты павінен сам быць і аўтарам, і прадусарам, і візажыстам, і стылістам, і вокладку альбому ўмець намаляваць. Калі маеш каманду, якой можаш заплаціць, — іншая рэч. Але калі ты толькі пачынаеш, цяжка сябе прасоўваць

«Мне эміграцыя здалася простай, досыць лёгкай»

— У цябе было даволі бясхмарнае жыцьцё ў Менску, беларускамоўная гімназія, музычная школа. У 13 гадоў, у падлеткавым узросьце кардынальна ўсё зьмянілася — бацькам давялося тэрмінова зьяжджаць. Як табе далася вымушаная эміграцыя?

— Мне эміграцыя здалася простай, досыць лёгкай. Сытуацыя была новай, але не драматычнай. Стрэс адбываецца тады, калі на новым месцы цябе не прымаюць або калі ў цябе ёсьць страх размаўляць на чужой мове, комплексы. Гэта больш пра маіх бацькоў, у іх было шмат стрэсу. Але ў маім жыцьці не было такіх праблемаў, дыскрымінацыі, я не адчувала сябе пакрыўджанай, выгнанай, пакінутай.

Мы спачатку жылі ў Бельску. Калі высьветлілася, што пераяжджаем у Варшаву, было захапленьне: «Ах, Варшава мая, ах, сталіца», хмарачосы... А цяпер мне вяртаецца назад усё дрэннае, што магло здарыцца тады, напачатку. Цяжкі падлеткавы пэрыяд пачаўся зараз, у 17 гадоў: альбо я абясцэньваю свае праблемы, альбо пачынаю нагнятаць.

— Ці зьбіраесься ты зьвязаць сваё далейшае жыцьцё з музыкай? Задумваесься, куды будзеш паступаць пасьля ліцэю?

— Хачу паступіць вучыцца за мяжу, напрыклад, у Нямеччыну. Мару вучыцца на нямецкай мове, вучу яе. Мне зараз здаецца, што цікава кіраваць праектамі, штосьці арганізоўваць — фэстывалі, пражэкт-мэнэджмэнт. Можа быць, праз год мае мары зьменяцца — амаль 2 гады мне яшчэ вучыцца ў ліцэі. Паглядзім.

Але дакладна — ня музыка. Я не любіла прафэсійную акадэмічную музыку, у якой ёсьць правілы... У музычнай школе музыка была мёртвай — я вучылся ў клясе фартэпіяна. Але зараз я не магу зайграць нават гаму! Мой мозаг, мабыць, вырашыў, што яму гэтая інфармацыя не патрэбная! Я чатыры гады ня граю і ў мяне няма ніякай памяці ў пальцах. Мабыць, арганізм пачуў, што мне гэта непатрэбна! Сядзіш на занятках тэорыі музыкі, сальфэджа — і паміраеш ад суму.

Я яшчэ ведаю пра вышэйшую музычную адукацыю маёй мамы. Па-першае, гэтым не пракормісься, па-другое, у тым, што яна хоча рабць сёньня, ёй не дапамагае гэтая музычная адукацыя. Дзякуй Богу, на мяне бацькі ня ціснуць — ісьці па іхным шляху.

Пакуль плянаў шмат: зладзіць шмат канцэрцаў, выйграць у новых музычных конкурсах. Вельмі цешуся і ганаруся, што сёлета выйграла конкурс и траплю на славуты музычны фэст «Бардаўская восень».

У гонар 30-годзьдзя фэсту «Бардаўская восень» на ім вярнулі традыцыйны конкурс выканаўцаў аўтарскай песні, і яго пераможца Юстына Карпіловіч выступіць на сцэне фэсту разам зь вядомымі выканаўцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Вільні да Паўночнай Караліны. Расказваем пра беларускія школы за мяжой