За 30 гадоў колькасьць школаў у Беларусі скарацілася на 43%

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У 1994 годзе іх было 4973, а да 2024 году засталося 2848. Такія зьвесткі Белстату прыводзіць Телеграм-канал «Нашыя грошы».

Закрываліся пераважна вясковыя школы зь невялікай колькасьцю вучняў.

Колькасьць дзіцячых садкоў за гэты ж пэрыяд зьменшылася на 21% — з 4693-х да 3721-го.

«Нараджальнасьць зьнізілася, але дэмаграфіяй усё не растлумачыць. Сетка адукацыйных установаў скарачаецца хутчэй, чым памяншаецца колькасьць дзяцей. І гэта датычыць ня толькі вёсак, з якіх зьяжджаюць сем’і, але і гарадоў, дзе бацькі гадамі чакаюць месца ў дзіцячым садку або вымушаныя вазіць дзяцей праз паўгорада», — адзначаюць экспэрты канала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску нараджальнасьць ніжэйшая за ваенную Ўкраіну. Ці дапамогуць «тыдні без абортаў»? Разьбіраемся з экспэртамі

Апошнія дзесяць гадоў у Беларусі фіксуецца пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі. У 2024 годзе быў зарэгістраваны гістарычны мінімум нараджальнасьці — за год у краіне нарадзілася 59 тысяч дзяцей. Гэта самы нізкі паказчык з 1950 года, калі ў Беларусі пачалі весьці гэтую статыстыку.

Сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі — 1.1, ён амаль такі ж, як ва Ўкраіне (1.0), якая зазнае поўнамаштабную ваенную агрэсію Расеі.