«Аказваецца, за мной ажно 17 гадоў сачылі». Генадзь Фядыніч — пра арышт, украінскія песьні за кратамі і апошні дзень у турме

Генадзь Фядыніч, 12 верасьня 2025 году

Былы старшыня незалежнага Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч паўтара месяца таму выйшаў з Бабруйскай калёніі № 2, яго разам зь іншымі палітвязьнямі вывезьлі ў Літву. У размове з Свабодай ён кажа, што «вялікай радасьці дагэтуль не адчувае», бо мае шмат клопатаў.

Генадзю Фядынічу 68 гадоў, з турмы ў Бабруйску яго вывезьлі 11 верасьня разам з 51 іншым палітвязьнем і дэпартавалі з радзімы бяз пашпарта, з «букетам» хваробаў, да якіх у няволі дадаліся хворыя суставы. А яшчэ ў няволі «пасыпаліся» зубы, і цяпер у Вільні большую долю вольнага часу Фядыніч праводзіць у стаматоляга. Сям’я Фядыніча засталася ў Менску.

Пра арышт

Фядыніча разам з калегамі па прафсаюзе Васілём Берасьнёвым і Вацлавам Арэшкам арыштавалі падчас паседжаньня ў офісе на вуліцы Кульман у Менску 19 красавіка 2022 году.

«Раптам грукат у дзьверы і з таго боку кажуць, што гэта ЖЭС. Адказваю, што „мы ЖЭС не выклікалі“. Нашы рагочуць, а адтуль зноў грукат і крыкі, што гэта КДБ. Дарэчы, раней мы пабачылі допіс у міліцэйскім тэлеграме, што ў РЭП нібыта сабраліся экстрэмісты. Тады пасьмяяліся і забылі, а тут давялося згадаць. Павезьлі нас у КДБ і там, з „Амэрыканкі“, дзесяць дзён цягалі на допыты», — згадаў Генадзь Фядыніч.

Паводле Фядыніча, падчас арышту ў КДБ ён даведаўся, што яшчэ да 2020 году ў офісах незалежных прафсаюзаў усталявалі праслухоўваньне.

«Аказваецца, за мной асабіста ажно 17 гадоў сачылі — чвэрць жыцьця быў, як у той прыказцы, „пад каўпаком у Мюлера“. А яшчэ даведаўся, што адзін наш офіс праслухоўвалі з кавярні зьверху, усталяваўшы адмысловае шпіёнскае абсталяваньне — як у Парыжы ГПУ слухала белагвардзейцаў! Сьмех!

Пытаўся ў сьледчых: ці дапамагло гэта сабраць доказы? Бо ў справе нічога з доказаў потым не аказалася. Таму і суд над намі закрылі, бо баяліся, што людзі прыйдуць і пабачаць гэтую фікцыю», — мяркуе былы палітвязень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок, але ў калёніі ня можа аформіць інваліднасьць

Пра закрыты суд

Генадзя Фядыніча асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (арт. 361),
  • «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (арт. 361-1),
  • «Распальваньне варожасьці або звады» (арт. 130).

На 9 гадоў зьняволеньня тады ж быў асуджаны Васіль Берасьнёў, які летась выйшаў на волю, і на 8 гадоў — Вацлаў Арэшка, які дагэтуль у вязьніцы.

«Яшчэ цягне лямку ў Івацэвічах, амаль зрок страціў. Чаго Вацлава не вызваляюць — не магу ўцяміць!» — кажа Генадзь Фядыніч.

Пра вершы і артыкул у насьценгазэту ў калёніі

Генадзь Фядыніч адбываў пакараньне ў калёніі № 2 у Бабруйску. Нягледзячы на ўсе побытавыя цяжкасьці, фізычныя пакуты і набытыя хваробы, Фядыніч ня лічыць час, праведзены ў калёніі, зусім марным. Ён шмат чытаў, размаўляў, думаў. Нават займаўся літаратурнай творчасьцю, на што на волі часу ніколі не хапала.

«Стаў пісаць вершы — жонцы адпраўляў, сябрам. Некаторыя захаваліся, але большасьць забралі, калі выходзіў. А яшчэ напісаў свой працяг дзіцячай аповесьці Эдуарда Усьпенскага пра дзядзю Фёдара, толькі ў мяне падзеі адбываюцца не ў Прастаквашыне, а ў Сьмятаніне. Гэта я для ўнучкі стараўся. Ёй тады было 12 гадоў, чытала і, кажа, сьмяялася. 10 разьдзелаў прыдумаў. Нешта захавалася — можа, аднаўлю», — кажа былы палітвязень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне засунулі бутэльку ў рот, каб засталася мая ДНК». Мікола Дзядок пра падкінутыя «кактэйлі Молатава», катаваньні ў турме і анархізм

Пра іншы свой твор у калёніі — эсэ на тэму выратаваньня і разьвіцьця беларускай мовы — Генадзь Фядыніч згадвае з асаблівым гонарам.

«Аказваецца, у калёніі выходзяць насьценгазэты, а сярод іх рэгулярна праводзілі конкурсы, пераможцы атрымлівалі прызы ў выглядзе нейкай выгоды ці зьняцьця пакараньня. Вось мне прапанавалі паўдзельнічаць, і я напісаў эсэ пра беларускую мову. Гэтае эсэ перамагло сярод артыкулаў.

А пераможцу да мяне як вызначалі? Прозьвішча закрываюць, і журы з трох афіцэраў і двух „актывістаў“ галасуе за найлепшы твор. Дэмакратыя!

Але зарана радаваўся. Якраз у той дзень, калі маё эсэ перамагло, мяне судзілі за размову з чалавекам зь іншага атраду і далі ШЫЗА. Значыць, паводле ўмоваў конкурсу, пераможцу трэба вызваляць ад пакараньня! Але дзе там!» — усьміхаецца Фядыніч, і наступныя 10 дзён ён правёў-такі ў халодным ШЫЗА.

Толькі выйшаўшы, ён даведаўся, што ўмяшаліся начальнікі, вынікі конкурсу анулявалі, а «дэмакратыя» пасьля гэтага выпадку закончылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня пройдзеце праверку нашай службы бясьпекі». Як былыя палітвязьні спрабуюць працаўладкавацца

Пра ўкраінскія песьні ў турме

Увагу да сябе ў калёніі Генадзь Фядыніч адчуваў пастаянна. Да яго даходзілі чуткі, што ў адміністрацыі яго лічаць «важнай пэрсонай». Але чаму так, Генадзь патлумачыць ня можа.

Кажа, што яму важней было стаўленьне простых асуджаных, якія хутка пачалі зваць яго «Фёдаравічам».

«Гэта значна лепш, чым калі завуць „дзедам“, як усіх старэйшых, ці даюць якую мянушку», — адзначае Генадзь Фядыніч.

За час у няволі Генадзь страціў 16 кіляграмаў вагі. Пры гэтым кажа, што асаблівага голаду не адчуваў, а ў ШЫЗА дык нават дзяліўся з сукамэрнікамі кашай і кісялём.

«Мне з маёй цукроўкай салодкага ўсё роўна нельга, а ў хлопцаў маладыя арганізмы, ім трэба дабаўка. А мне хапала запасаў хлеба. Нават у ШЫЗА меў запас. Пакладу на віднае месца кавалак, што забаронена, але ахоўнікі не чапаюць».

У ШЫЗА, кажа Фядыніч, ён бавіў час тым, што сьпяваў, у тым ліку ўкраінскія песьні. Яму не забаранялі.

«Вельмі яны мне да спадобы. Я з Жабінкаўскага раёну, гэта непадалёк ад Берасьця, з Ракітніцы. А там мова такая — блізкая да ўкраінскай. І песьні гэтыя ўсё любяць. Мне і тут сябар падборку новых украінскіх песень перадаў. Слухаю з асалодай, душу адводжу», — прызнаецца Генадзь Фядыніч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі

Пра апошні дзень за кратамі

Пра свой апошні дзень у калёніі Генадзь згадвае з шкадаваньнем, бо не пасьпеў раздаць сябрам свае рэчы.

«Не было ніякай прыкметы, што адпусьцяць датэрмінова. Раніца, зьбіраюся піць каву. Раптам падыходзіць дзяжурны афіцэр і кажа, што ў мяне ёсьць 10 хвілін на збор рэчаў, і каб мяне не было ў калёніі.

Напярэдадні жонка прыслала новы турэмны касьцюм, я ў ім хадзіў, а стары памыў і павесіў сушыцца. Таму не пасьпеў яго камусьці падарыць, як прынята. І рэчы турэмныя не раздаў — тут у торбе і ляжаць. Фактычна ачухаўся толькі на літоўскай мяжы, калі пачалася воля.

Але якая гэта воля? Бяз пашпарта, без матэрыялаў крымінальнай справы, і нават не аддалі 740 рублёў пэнсіі. А яшчэ не аддалі прыладу для вызначэньня цукру ў крыві, што таксама вельмі крыўдна.

Пэўнай будучыні ня маю, жонка і сямʼя — у Беларусі. Бяз пашпарта нікуды паехаць пакуль не магу. Вось запрашаюць на кангрэс прафсаюзаў у Сыднэй, дык жартую, што пабягу. Трэба рабіць апэрацыю на назе, а як яе правесьці без дакумэнтаў», — расказвае Генадзь Фядыніч.

Былы прафсаюзны лідэр упэўнены, што беларуская дзяржава ня мела права гэтак абыходзіцца з сваімі грамадзянамі, нават асуджанымі.

«Дзяржава за ўсіх мусіць несьці адказнасьць, а тут яна расьпісалася ў сваёй безадказнасьці. Гэта яшчэ адно злачынства.

Спачатку тысячы людзей незаконна асудзілі, а цяпер найбольш актыўных пазбаўляюцца праз высылку. За гэта над імі варта будзе ўчыніць асобны працэс», — кажа Генадзь Фядыніч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апублікаваў на эмоцыях пост, па мяне прыйшлі». Сын актывісткі Тацяны Канеўскай пра зьняволеньне і эміграцыю

Пра настроі ў грамадзтве

Генадзь Фядыніч мяркуе, што патэнцыял пратэсту ў беларускага грамадзтва пасьля 2020 году захаваўся.

«Згадайма, як у 2020 годзе людзі паўсюль пачалі ствараць дваровыя камітэты — гэта было неймаверна, нездарма ўлады спалохаліся. Я тады сядзеў другі год на „хатняй“ хіміі, з кватэры ўвечары ня мог выйсьці, але з балькону бачыў гэтыя сходы, чуў, што людзі кажуць. Так, частка тых людзей зьехала за мяжу, але большасьць засталіся, галовы ім ужо не заменіш.

Хаця праўдай ёсьць і тое, што пэўных працэсаў, якія ідуць на радзіме, мы адсюль ня бачым і да канца не разумеем, што там адбываецца», — прызнае Фядыніч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі былыя сілавікі трапляюць за краты, яны ўспамінаюць правы чалавека»: Максім Вінярскі пра сваё зьняволеньне і салідарнасьць беларусаў

Пра найбліжэйшыя пляны

Генадзь Фядыніч зьбіраецца напісаць кнігу пра сваю турэмную эпапэю і перажытае за шмат гадоў змаганьня за незалежную Беларусь і абарону правоў працоўных. Акрамя прафсаюзнага актывізму, у яго за плячыма дэпутацтва ў Менскім гарсавеце ў першыя гады незалежнасьці Беларусі.

Генадзь Фядыніч згадвае, як на ягоную прапанову менскі гарсавет зацьвердзіў герб сталіцы.

Шмат успамінаў і думак у Фядыніча і пра ролю і месца прафсаюзаў у грамадзтве.

«Прагрэс ідзе наперад, але застаецца праца на вытворчасьці, а значыць, застаюцца праблемы заробкаў, працоўных месцаў, тэхнікі бясьпекі, салідарнасьці рабочых.

Афіцыйныя прафсаюзы — гэта, як цяпер кажуць, фэйкавыя арганізацыі. Іх час мінуў. У бок дэмакратыі рухацца безь незалежных прафсаюзаў ня ўдасца. Спадзяюся, у рэшце рэшт нават наша дзяржава гэта зразумее.

І без канструктыўнай апазыцыі ў краіны няма будучыні, у гэтым я таксама пераканаўся за сваё жыцьцё», — падзяліўся думкамі былы старшыня РЭП, былы палітвязень Генадзь Фядыніч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атмасфэра суцэльнай безвыходнасьці». Мікалай Казлоў пра сваё зьняволеньне і жыцьцё ў Беларусі па вызваленьні