Вольгу Карпушонак, якая абвінаваціла Латушку ў сэксуальных дамаганьнях, выключылі з складу дэлегацыі ў ПАРЭ

Пасяджэньне ПАРЭ ў 2022 годзе, на якім выступала Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае фота

Фракцыя «Хопіць баяцца» паведаміла аб адкліканьні Вольгі Карпушонак з складу дэлегацыі дэмакратычных сіл у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).

У Каардынацыйнай радзе абгрунтавалі гэтае рашэньне «няўдзелам дэлегаткі ў працы дэлегацыі», як гэта прадугледжвае палажэньне аб дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАРЭ.

«Фракцыя падкрэсьлівае сваю прыхільнасьць да прынцыпаў адказнага прадстаўніцтва і эфэктыўнага ўдзелу ў міжнародных пляцоўках. Усе чальцы дэлегацыі павінны актыўна ўдзельнічаць у працы ПАРЭ, прадстаўляць інтарэсы Каардынацыйнай рады і беларускага грамадзтва і спрыяць умацаваньню сувязяў з эўрапейскімі партнэрамі», — адзначаецца ў паведамленьні Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вырашаць канфлікты кшталту «Карпушонак супраць Латушкі»? Прапановы Дзяйкалы і Кныровіча

Што папярэднічала

30 жніўня дэлегатка КР (фракцыя «Хопіць баяцца!»), экс-адвакатка Вольга Карпушонак абвінаваціла кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Паўла Латушку ў сэксуальных дамаганьнях.

1 верасьня яна паведаміла аб гатоўнасьці «пацьвярджаць свае словы канкрэтнымі фактамі».

Латушка назваў гэтыя абвінавачаньні «хлусьнёй і паклёпам», а празь некалькі дзён зьвярнуўся ў польскія суды з пазовам аб абароне гонару і годнасьці на дэлегатку Каардынацыйнай рады (КР) Вольгу Карпушонак.

Аб’яднаны Пераходны Кабінэт пацьвердзіў свой поўны давер і падтрымку Паўлу Латушку і заклікаў грамадзянскую супольнасьць і міжнародных партнэраў крытычна ставіцца да такіх інфармацыйных атак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Укід», «вярцеп», «неапраўданыя чаканьні». Вядомыя асобы камэнтуюць абвінавачаньні супраць Паўла Латушкі