Літва праз аэрастаты закрыла мяжу зь Беларусьсю да 12-й гадзіны 25 кастрычніка, а ў Коўне і Вільні — аэрапорты

Літоўскі пункт пропуску ў Медніках на мяжы зь Беларусьсю. Архіўнае фота

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы закрыла пункты пропуску рух на двух памежных зь Беларусьсю пунктах пропуску — у Медніках і Салечніках.

Як паведаміла прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене на сваёй старонцы ў Facebook, увечары 24 кастрычніка зь Беларусі ў Літву зноў заляцела вялікая колькасьць кантрабандных аэрастатаў.

«Праз гэта часова давялося закрыць аэрапорты ў Вільні і Коўне. У адказ на гэтую сытуацыю Служба аховы дзяржаўнай мяжы закрыла да 12 гадзіны заўтрашняга дня памежныя пункты ў Салечніках і Медніках. Службы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі, ухваленымі на пасяджэньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі на гэтым тыдні», — адзначыла Інга Ругінене.

Паводле яе, на наступным тыдні камісія зноў зьбярэцца на пасяджэньне, каб ацаніць уплыў ужо ўхваленых рашэньняў і што яшчэ можна зрабіць у кароткі тэрмін.

У аэрапорце Вільні паведамілі аб спыненьні паветранага руху да 10-й раніцы 25 кастрычніка.

Гэта ўжо другі такі інцыдэнт за апошнія некалькі дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве назвалі запуск зондаў зь Беларусі «скаардынаванай апэрацыяй», іх знайшлі ў 5 раёнах

У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з тэрыторыі Беларусі прыляцела некалькі дзясяткаў паветраных балёнаў. У выніку была парушана праца Віленскага аэрапорту, што закранула каля 30 рэйсаў і больш за 4 тысячы пасажыраў, а два апошнія пункты пропуску на мяжы Літвы зь Беларусьсю былі часова закрытыя. У выпадку паўтарэньня такой сытуацыі прэм’ерка Ругінене паабяцала поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю.

МЗС Літвы накіравала Беларусі афіцыйны пратэст, у якім запатрабавала ад беларускага боку навесьці парадак у паветранай прасторы, расьсьледаваць старыя выпадкі і не дапускаць новых. У выпадку паўторных парушэньняў Літва пакідае за сабою права прыняць контразахады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заявіла Беларусі афіцыйны пратэст у сувязі з чарговым прылётам паветраных шароў кантрабандыстаў