Дырэктар РНПЦ Анжаліка Сонцава паведаміла, што ў пачатку 2021 году РНПЦ увайшоў ў дзяржаўную інвэстыцыйную праграму, якая прадугледжвае будаўніцтва новага корпусу і наступную рэканструкцыю дзейнага. Паводле дырэктаркі, у новым корпусе будзе разьмяшчацца высокатэхналягічнае аддзяленьне, апэрацыйныя блёкі, сучасныя лябараторыі клеткавых тэхналёгіяў, імуналягічнай тэрапіі. Усё гэта, паводле Сонцавай, паспрыяе лячэньню дзяцей.
Былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская ў інтэрвію Свабодзе адзначае, што «будаўніцтва — папулярная хімэра, якой не пазьбеглі многія кіраўнікі».
— Беларускія начальнікі даволі часта забываюць, што клініка, інстытут, цэнтар — гэта ня сьцены, не прыгожы будынак, а найперш людзі, гэта сыстэма ўзаемаадносін, месца пацыента ў гэтай складанай сыстэме. Тым ня менш дырэктарка Анжаліка Сонцава таксама пачала нешта будаваць. Што, у прынцыпе, ня дзіўна, калі чалавек далёкі ад той сфэры, якой ён кіруе (яна — эндакрыноляг), што яшчэ яму застаецца, акрамя як будаваць. І ў тым корпусе, які ўжо амаль узьведзены, гэта сапраўды даволі вялікі будынак, нават большы за стары корпус, там пераважна памяшканьні, прызначаныя для лябараторыяў, катэдраў, для якой заўгодна працы, толькі не для працы з пацыентамі.
Такім чынам, насяліць гэты корпус адміністрацыйнымі супрацоўнікамі праблемы не складзе. Але гэта ніяк не палепшыць якасьці мэдычнай дапамогі дзецям. Зараз працягваецца даволі сур’ёзны адток дасьведчаных кадраў. Іх замяняюць маладыя дактары, учорашнія студэнты. У дзіцячым цэнтры ўжо нават зьявіўся мэм: «дзеці лечаць дзяцей».
Замест таго каб дапамагчы вярнуцца ў працу больш дасьведчаным спэцыялістам — у тым ліку тым, хто адбыў пакараньне, каго перасьледавалі, — робіцца ўсё што заўгодна, толькі няма сапраўднай працы зь людзьмі. Цэнтар вельмі моцна страціў рэпутацыйна. Калі дарослая анкалёгія ўтрымала свой статус-кво, то дзіцячы цэнтар анкалёгіі як галоўная ўстанова вельмі рэзка страціў свае пазыцыі. У першую чаргу з прычыны сур’ёзнага адтоку кадраў.
- Пасьля 2020 году з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі звольніліся шмат спэцыялістаў, асабліва пасьля прымусовага звальненьня дырэктаркі Натальлі Каноплі, якую калегі апісвалі як «спэцыяліста экспэртнага ўзроўню, прыстойнага і добрага чалавека». Шмат дзіцячых анколягаў цягам пяці гадоў былі арыштаваныя з палітычных прычынаў.
- У 2021 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам пазбавіў дзяржаўных прэміяў былую дырэктарку РНПЦ дзіцячай анкалёгіі Вольгу Алейнікаву.