25 кастрычніка 2025 году ў тэатры «Лялька» адбылася прэм’ера пастаноўкі «Дзяўчынка і мядзьведзь», што ідзе па-расейску. Спэктакаль паставіла акторка Дар’я Зімніцкая, якая нядаўна стала мастацкай кіраўніцай тэатру, піша «Люстэрка».
Тэатар «Лялька» быў створаны ў 1986-м. З таго часу гэтую пасаду займаў Віктар Клімчук, пры якім спэктаклі ставіліся толькі на беларускай мове. У 2024-м яму прыйшлося пакінуць сваю пасаду. Як паведамлялі рэдакцыі выданьня крыніцы, Клімчука абвінавацілі ў невыкананьні плянаў, якія стаяць перад тэатрам. Пры гэтым за гэтую задачу нясе адказнасьць не мастацкі кіраўнік, а дырэктар калектыву. Клімчуку вынесьлі вымову, што і прывяло да яго сыходу.
Да прэм’еры спэктакля «Дзяўчынка і мядзьведзь» сярод 28 прафэсійных тэатраў Беларусі ўсяго чатыры працавалі выключна на беларускай мове. Купалаўскі і РТБД (у Менску), Коласаўскі і «Лялька» (у Віцебску). Цяпер такіх тэатраў засталося трое.
У жніўні 2025-га пра пляны ставіць спэктаклі і на расейскай заявілі ў РТБД. У выпадку рэалізацыі гэтай ідэі ў краіне застанецца ўсяго два беларускамоўныя калектывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 28 тэатраў атрымаюць дзяржаўную падтрымку