Хусіты ў Емэне арыштавалі трох працаўнікоў місіі ААН. Іх вінавацяць у шпіянажы на Ізраіль

Хусіты на маршы ў Сане, архіўнае фота

Сярод трох арыштаваных дзьве жанчыны.

Факт арышту хусіты пацьвердзілі агенцтву AFP. Арышт адбыўся ў сталіцы краіны Сане, усе трое працуюць ва Ўсясьветнай харчовай праграме Арганізацыі аб’яднаных нацый.

Двое арыштаваных — жанчыны, яшчэ адзін — грамадзянін Емэну, які таксама працуе на названую праграму.

Хусіты адзначаюць, што склалі сьпісы людзей, якіх падазраюць у працы на выведкі Ізраілю і ЗША, якіх іх рэжым адносіць да ворагаў.

Гэта апошнія арышты ў хвалі арыштаў, накіраваных супраць супрацоўнікаў ААН і іншых няўрадавых арганізацый. Раней на гэтым тыдні па абвінавачваньні ў змове з Ізраілем былі арыштаваныя яшчэ сямёра мясцовых супрацоўнікаў ААН.

На мінулым тыдні паўстанцы зьдзейсьнілі рэйд на комплекс ААН у Сане, утрымліваючы ўнутры 20 супрацоўнікаў, у тым ліку 15 замежнікаў, перш чым іх неўзабаве вызвалілі.

Дванаццаць з 15 міжнародных супрацоўнікаў пакінулі краіну 22 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Емэне ізраільскім ударам забіты кіраўнік ураду хусітаў

У пятніцу Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла, што хусіты арыштавалі 55 яе супрацоўнікаў з 2021 году.

Правадыр паўстанцаў Абдулмалік аль-Хусі заявіў, што агенцтвы ААН, у тым ліку Усясьветная харчовая праграма і ЮНІСЕФ, удзельнічалі ў «агрэсіўным шпіянажы». Ён абвінаваціў некаторых зь іх у тым, што яны адыгралі ролю ў ізраільскіх ударах, мэтай якіх было пасяджэньне кабінэту міністраў у жніўні, у выніку чаго быў забіты прэм’ер-міністар паўстанцаў.

З пачатку вайны ў Газе ў кастрычніку 2023 году емэнскія хусіты неаднаразова атакавалі Ізраіль і марскія шляхі Чырвонага мора ў кампаніі, якую яны называюць салідарнасьцю з палестынцамі.

Ізраіль адказаў магутнымі ўдарамі па раёнах Емэну, якія знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Расея дала хусітам у Емэне спадарожнікавыя дадзеныя для ўдараў у Чырвоным моры. Крэмль гэта адмаўляе