Міністэрства фінансаў Беларусі лічыць «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» продаж квіткоў пасажырам на замежных сайтах

Бабруйскі аўтавакзал, архіўны здымак

Гаворка пра сайты, фізычна разьмешчаныя за мяжой.

На тэрыторыі Беларусі функцыянуе мноства дублёравых сэрвісаў у галіне перавозак пасажыраў, паміж якімі не наладжана належная ўзаемадзея. У выніку грамадзяне «вымушаныя наведваць некалькі сайтаў для зьдзяйсьненьня паездкі, што абцяжарвае працэс плянаваньня маршруту і куплі квіткоў».

Пра гэта напісала прадстаўніца Міністэрства фінансаў Ала Рыжкова ў артыкуле для навукова-практычнага часопісу «Финансы. Учет. Аудит», заўважыў Позірк.

У яе «выклікае асьцярогі і тое, што частка профільных інтэрнэт-рэсурсаў фізычна разьмешчаная за межамі краіны, а гэта нясе рызыкі з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі».

На думку аўтара, для разьвязаньня названых праблемаў насьпела «аб’ектыўная патрэба ў стварэньні дзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы з мэтай зьдзяйсьненьня пасажырамі міжгародніх і прыгарадных „бясшвовых паездак“, якая аб’ядноўвае розныя віды транспарту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму за квіткі на 180 кілямэтраў дарогі трэба плаціць 80 эўра?». Як беларусы цяпер езьдзяць празь мяжу з Эўразьвязам