Украінскія вайскоўцы ўдарылі па дамбе ў Белгарадзкай вобласьці, пачаліся падтапленьні. Дроны атакавалі Маскву

Расейская тэхніка гарыць пасьля ўдару па рацэ Северскі Данец. 2022 год

Дамба Белгарадзкага вадасховішча, разьмешчанага на рацэ Северскі Данец недалёка ад мяжы з Украінай, пасьля ўдараў па ёй украінскіх вайскоўцаў часткова прапускае ваду. У мэрыі Масквы паведамілі пра атаку дронаў на горад.

Пра ўдар па дамбе паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы і ўкраінскія вайскоўцы. Напрыклад, тэлеграм-канал «Пепел» публікуе фота і відэа наступстваў удараў, сьцьвярджаючы, што па дамбе білі з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню HIMARS.

Перад тым дамбу атакавалі ўкраінскія бесьпілётнікі. У 16-м вайсковым корпусе Ўзброеных сілаў Украіны пацьвердзілі, што па дамбе наносіліся ўдары, і заявілі, што «пасьля ўдару па Белгарадзкай дамбе апошняя пачала прапускаць ваду».

Украінскі бок гаворыць, што расейскія вайсковыя падразьдзелы, якія пасьпелі пераправіцца церазь Северскі Данец, апынуліся фактычна адрэзанымі ад асноўных сілаў у раёне Ваўчанску. Удар па дамбе пацьвердзіў і камандзір сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт «Мадзяр» Броўдзі.

Кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў напісаў, што вада часткова затапіла толькі крыху больш за 10 прыватных агародаў, жыльлё не падтопленае. Аднак, паводле інфармацыі каналу «Пепел», вада працягвае імкліва выцякаць з вадасховішча. Пакуль не было паведамленьняў аб затапленьні нейкіх паселішчаў.

У 2023 годзе Расея моцна пашкодзіла Кахоўскае вадасховішча ва Ўкраіне, у выніку адбыліся вялікія затапленьні і моцна цярпіць экалёгія рэгіёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міны, зьнішчаны лес, цяжкія мэталы ў глебе. Як вайна забівае прыроду Ўкраіны і колькі спатрэбіцца часу на аднаўленьне

Агулам за апошнія содні ў Белгарадзкай вобласьці адзін чалавек загінуў і 23 пацярпелі ў выніку атак украінскіх бесьпілётнікаў. Гладкоў назваў колькасьць пацярпелых — тры чалавекі, сярод параненых ёсьць вайсковец. Яшчэ трое параненых у вёсцы Дорагашч Грайваранскай акругі.

Больш за ўсё пацярпелых — дзесяць — у выніку ўдару бесьпілётнікаў па пасёлку Маслава Прыстань у Шабекінскай акрузе вобласьці. Непадалёк ад пасёлку — грэбля Белгарадзкага вадасховішча.

Ёсьць і ахвяра: у вёсцы Ілек-Кашары Ракіцянскага раёну загінуў кіроўца грузавіка. Яшчэ пяць чалавек пацярпелі ў розных населеных пунктах вобласьці.

Атака на Маскву

Мэр Масквы Сяргей Сабянін 26 і 27 кастрычніка апублікаваў больш як дзесяць паведамленьняў пра нэўтралізацыю расейскімі сіламі СПА дронаў, якія рухаліся ў бок расейскай сталіцы.

Тэлеграм-канал Astra паведаміў пра выбухі ў пасёлку Камунарка, які ўваходзіць у склад Масквы. На здымках чытачоў каналу відаць дым, які падымаецца ад ляснога масіву. Сабянін пра атаку на Камунарку ня піша нічога.

Агулам расейскія старонкі паведамляюць, што за ноч Расею атакавалі 193 бесьпілётнікі, зь іх 34 накіроўваліся на Маскву.

Мінулым разам інтэнсіўныя атакі бесьпілётнікаў на Маскву адбываліся ў ліпені. Тады празь небясьпеку часова закрываліся аэрапорты ў Шарамецьеве і Дамадзедаве. У наступныя месяцы дроны таксама ляцелі ў бок Масквы, але пра масіўныя атакі не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ад дронаў пацярпелі сынагога і дзіцячы садок. У васьмі расейскіх аэрапортах уводзілі абмежаваньні