У Беларусі ўдакладнілі, чаго нельга адпраўляць у пасылках

Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі ўхваліў пастанову, якая канкрэтызуе зьмены ў законе аб паштовай сувязі, якія набылі юрыдычную моц сёлета 1 верасьня.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, урад зацьвердзіў правілы наданьня паслуг паштовай сувязі і ўдакладніў пералік забароненых да перасылкі прадметаў і тавараў ва ўнутраных і замежных адпраўленьнях.

Ва ўнутраных і замежных адпраўленьнях перасылаць друкаваныя і аўдыёвізульныя матэрыялы, якія «ўтрымліваюць зьвесткі, што могуць нанесьці шкоду палітычным ці эканамічным інтарэсам Беларусі, яе дзяржаўнай бясьпецы, здароўю і маральнасьці грамадзян». У пераліку забароненых таксама электронныя сыстэмы для курэньня і тытунёвыя прылады, цывільныя бесьпілётнікі і авіямадэлі, прадметы «непрыстойнага ці амаральнага характару».

У замежных адпраўленьнях забароненыя дакумэнты, якія «маюць характар бягучага і асабістага ліставаньня, а таксама ўсякая карэспандэнцыя, якой абменьваюцца асобы, якія не зьяўляюцца адпраўнікамі і атрымальнікамі, або асобы, якія зь імі жывуць». Імаверна, гэтае абмежаваньне ўвялі праз тое, што беларусы, якія жывуць за мяжой, адпраўляюць лісты падтрымкі палітычным вязьням.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» запусьціла дастаўку лекаў з інтэрнэт-аптэк

Што папярэднічала

Зьмены ў законе аб паштовай сувязі ўхвалілі сёлета ў траўні. Галоўная навацыя — апэратары паштовай сувязі павінны перадаваць у сыстэму дзяржаўнага прадпрыемства «Белпошта» зьвесткі аб усіх паштовых адпраўленьнях у адрас фізычных асобаў.

Ідзецца пра кампаніі, якія маюць дзейную ліцэнзію Міністэрства сувязі для апэратараў паштовай сувязі. Цяпер налічваецца 18 такіх прадпрыемстваў.

У прыватнасьці, гэтыя кампаніі абавязаныя перадаваць у сыстэму ўліку і захоўваньня зьвестак інфармацыю аб паштовых адпраўленьнях — як унутраных, так і міжнародных — прынятых імі ад карыстальнікаў паслугамі паштовай сувязі.

Такая сыстэма ўжо функцыянуе, яе апэратарам у законапраекце вызначылі «Белпошту».

Таксама, згодна з законам, цяпер кампаніі будуць несьці дадатковыя фінансавыя выдаткі на паслугі «Белпошты» на падставе падпісаных дамоваў. За падлучэньне 300 рублёў, за адзін тавар або адзін радок — 0,18 капейкі.

Раней адзначалася, што зьмены распрацаваныя для выяўленьня прадметаў і рэчываў, якія забаронена перасылаць поштай. Цэладзённы доступ у адзіную базу зьвестак аб паштовых адпраўленьнях будуць мець супрацоўнікі МУС, якія займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратары паштовай сувязі будуць перадаваць «Белпошце» зьвесткі пра ўсе адпраўленьні