Адкрыцьцё пралівае сьвятло на нечаканыя гістарычныя факты: высьветлілася, што першы мураваны касьцёл у Вэрках мог паўстаць значна раней, чым меркавалася дагэтуль, — каля 1675–1700 гг.
«Нашай мэтай было вярнуць інтэр’еру касьцёлу барочныя колеры, вярнуцца да першых пластоў фарбы. Мы паставілі рыштаваньні да самых скляпеньняў, таму атрымалі магчымасьць цалкам дасьледаваць сьцены. Так пад пяцьцю або шасьцю пластамі фарбы выявіліся няведамыя фігурныя фрэскі. Гэта было цалкам нечакана. Нам трэба ўдакладніць гісторыю касьцёлу і шукаць у архівах больш зьвестак. У Вэрках усё пачалося значна раней, чым думалі», — расказала пра ідэю і нечаканае адкрыцьцё рэстаўратарка Індрэ Валькюнене.
Фрагмэнт старой фрэскі ў Кальварыйскім касьцёле Вільні
Фрагмэнт старой фрэскі ў Кальварыйскім касьцёле Вільні
Хоць жывапіс захаваўся толькі фрагмэнтарна, адкрыцьцё лічыцца надзвычай значным. Паводле гісторыка мастацтва Біруце Руты Віткаўскене, гэтыя фрэскі даюць неацэнную інфармацыю пра раньнюю гісторыю віленскага касьцёлу Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (Кальварыйскага) і яго мастацкае асяродзьдзе:
«Адкрыцьцё і рэстаўрацыя гэтых фрэсак — вялікая падзея ў гісторыі віленскага культавага мастацтва. Яны захаваліся фрагмэнтарна, але іх дэманстрацыя і поўная гісторыя могуць дапоўніць гісторыю стацыяў Крыжовага шляху Віленскай Кальварыі і стаць важнай візуальнай інфармацыяй для вернікаў і наведнікаў. Далейшая рэстаўрацыя сьценаў у нэфах касьцёлу можа адкрыць яшчэ больш фрэсак з гэтага раньняга этапу гісторыі сьвятыні».
26 кастрычніка ў Кальварыйскім касьцёле Вільні адбыўся канцэрт у гонар адкрыцьця фрэсак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковае адкрыцьцё: многія гістарычныя дамы ў Рызе пабудаваныя зь беларускай драўніны