Літва закрые мяжу зь Беларусьсю на неабмежаваны час і будзе дабівацца ўзмацненьня санкцыяў

Закрыты ўжо некалькі гадоў літоўскі памежны пункт ў Лаварышках на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене заявіла, што ў адказ на бясконцы паток паветраных балёнаў зь Беларусі Літва на неабмежаваны час закрые мяжу зь Беларусьсю і будзе дабівацца дадатковых санкцыяў на яе.

«Міністэрства замежных справаў атрымала дакладныя задачы, найперш узгадненьне з Эўразьвязам дадатковага пакету санкцыяў на Беларусь. Гэта зробяць неўзабаве. Таксама актыўна раімся і кантактуем з нашымі хаўрусьнікамі і з нашымі суседзямі Польшчай і Латвіяй», — працытавала выданьне delfi.lt кіраўніцу літоўскага ўраду Інгу Ругінене. Пра гэта яна заявіла 27 кастрычніка пасьля паседжаньня Камісіі нацыянальнай бясьпекі.

Інга Ругінене таксама паведаміла, што Міністэрству замежных справаў Літвы даручылі дапамагчы вярнуцца дадому грамадзянам Літвы, якія засталіся на беларускай тэрыторыі праз закрыцьцё памежных пунктаў пропуску, а таксама актывізаваць каманду рэагаваньня NATO на гібрыдныя дзеяньні.

Канчатковае рашэньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю ўхваляць на пасяджэньні ўраду 29 кастрычніка.

«Будуць дзейнічаць некаторыя выключэньні: празь мяжу змогуць перавозіць дыпляматычную пошту, змогуць перамяшчацца дыпляматы, з боку Беларусі будуць прапускаць грамадзян Літвы і краін Эўразьвязу. Але ўвесь іншы рух будзе закрыты», — падкрэсьліла Інга Ругінене.

«Гэтым мы пасылаем сыгнал Беларусі і кажам, што мы не пацярпім тут ніякую гібрыдную атаку і прымем самыя жорсткія захады, каб такія атакі спыняць», — заявіла кіраўніца літоўскага ўраду.

Паводле яе, пры гэтых абмежаваньнях літоўская армія пачне выкарыстоўваць кінэтычныя сродкі для зьбіцьця балёнаў. Адначасова ў парлямэнт унясуць прапановы ўвесьці больш жорсткія пакараньні за кантрабанду.

«Калі раней вялося пра штрафы і іх павелічэньне, то сёньня мы абмеркавалі і варыянт пазбаўленьня волі», — адзначыла Інга Ругінене.

На мінулым тыдні празь вялікую колькасьць аэрастатаў, якія выкарыстоўвалі нібыта кантрабандысты, чатыры разы спынялі працу Віленскага аэрапорту, закрывалі аэрапорт у Коўне, а таксама мяжу зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз мэтэазонды зноў зачынены Віленскі аэрапорт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ізаляваць Беларусь і захапіць Калінінград». Як дзяржаўныя СМІ адрэагавалі на закрыцьцё Літвой мяжы