Пункт пропуску Салечнікі цалкам закрыты, празь Меднікі з 14:30 прапускаюць «некаторыя катэгорыі асобаў»

Ілюстрацыйнае фота

Пункт пропуску Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю цалкам закрыты на нявызначаны тэрмін, празь Меднікі могуць перасякаць мяжу «толькі некаторыя катэгорыі асобаў», паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Удакладняецца, што празь Меднікі могуць праяжджаць асобы, якія маюць дыпляматычныя пашпарты або перавозяць дыпляматычную пошту Літвы; якія падарожнічаюць з спрошчаным транзытным дакумэнтам; асобы, якія едуць транзытам у Калінінградзкую вобласць (РФ) зь Беларусі і назад; грамадзяне Літвы, краінаў ЭЗ і іх сямейнікі, якія ўяжджаюць у Літву; уладальнікі дазволу на жыхарства ў Літве.

Рух у пункце пропуску Каменны лог (Меднікі) ужо аднавіўся, але толькі для згаданых вышэй катэгорыяў, паведамляюць карыстальнікі памежных чатаў.

Беларуская мытня пацьвярджае, што названыя катэгорыі грамадзян пачалі перасякаць мяжу праз пункт пропуску «Каменны Лог» з 14.30, піша БелТА.

Як паведамлялі, прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене пасьля праведзенага 27 кастрычніка пасяджэньня Камісіі нацыянальнай бясьпекі заявіла, што ў сувязі з масавымі залётамі паветраных балёнаў з тэрыторыі Беларусі ўрад балтыйскай дзяржавы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцьці мяжы «на нявызначаны тэрмін».

Паводле яе, у рашэньні прадугледжаныя выняткі: «Гэта азначае, што дыпляматы і дыпляматычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЭЗ таксама змогуць уяжджаць да нас зь Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэньне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сыгнал Беларусі і кажам, што не пацярпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спыненьня падобных нападаў».

Агенцтва BNS пазьней удакладніла, што, паводле словаў Ругінене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падоўжыць да 29 кастрычніка рашэньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю. Першапачаткова ведамства прыняло рашэньне ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.

На сытуацыю адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская. «Гэтыя гібрыдныя атакі, падобныя тым, што былі зь мігрантамі, накіраваныя на праверку бясьпекі NATO і наносяць шкоду эканоміцы Літвы. Мы падтрымліваем такія санкцыі, як спыненьне транзыту тавараў, пры гэтым пакідаючы межы адкрытымі для пасажырскіх перавозак», — напісала палітык.

Мінулай ноччу з прычыны залёту аэрастатаў у чацьвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільні. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзыт з Беларусі ў Калінінградзкую вобласьць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.