Суд разглядае апэляцыю Дорыяна С., бо абарона спрабуе давесьці, што абвінавачваны быў недастаткова старанна дасьледаваны на прадмет прытомнасьці, а працэс нібыта прайшоў занадта хутка — прысуд вынесьлі менш чым праз год пасьля забойства, піша Белсат.
Пры вынясеньні прысуду ў студзені 2025 году суд прыйшоў да высновы, што Дорыян С. дзейнічаў спакойна і разважліва — пасьля зьдзяйсьненьня злачынства адышоў упэўнена, забраўшы толькі каштоўныя рэчы Лізы. Дорыян С. прызнаў сябе вінаватым, але заявіў, што не хацеў забіваць Лізу.
Тым ня менш прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату» пасьля суду ў студзені, што вырак Акруговага суду Варшавы не канчатковы.
«Калі будзе пададзеная апэляцыя, тады прысуд стане канчатковым пасьля таго, як апэляцыя будзе разгледжаная, а вышэйшы суд зацьвердзіць прысуд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінавачанаму ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне. ФОТАНапад на беларуску Лізу адбыўся ў цэнтры Варшавы ў ноч на 25 лютага 2024 году на вуліцы Журавей. Дорыян С. пацьвердзіў вэрсію сьледзтва — ён згвалціў дзяўчыну і спрабаваў яе задушыць. Затым ён проста кінуў Лізу без прытомнасьці на вуліцы, забраўшы яе банкаўскія карткі і тэлефон.
Раніцай дзяўчыну знайшоў вартаўнік, які выклікаў хуткую дапамогу і паліцыю. Лізу шпіталізавалі ў крытычным стане, праз шэсьць дзён яна памерла.
Амаль адразу пасьля нападу быў затрыманы Дорыян С., якому на той момант было 23 гады. У ягонай кватэры знайшлі балаклаву і нож, якія ён выкарыстаў пры нападзе на Лізу, а таксама скрадзеныя ў яе рэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбыўся марш у памяць беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля згвалтаваньня