Супрацоўнікі бібліятэкі ў мястэчку Міхалішкі (Астравецкі раён, Горадзенская вобласьць) ініцыявалі праект для дзяцей у падтрымку беларускай кнігі «Да роднай мовы крок зрабі».
Як паведаміла раённае выданьне «Астравецкая праўда», «галоўная задача — удасканаліць навык чытаньня, разьвіць маўленчыя і творчыя здольнасьці, паглыбіць веды аб багатай спадчыне клясыкаў беларускай літаратуры і выхаваць шанаваньне да роднай мовы».
У кастрычніку ў бібліятэцы прайшла чарговая літаратурная сустрэча для дзяцей «Я — кніжка цікавая». На ёй школьнікі знаёміліся з творчасьцю беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, удзельнічалі ў моўнай гульні, дзе перакладалі словы на беларускую мову, чыталі вершы.
«Галоўнай мэтай ставілі паказаць падрастаючаму пакаленьню, што родная мова — жывая, цікавая і прыгожая, а кнігі на ёй могуць быць надзённымі і папулярнымі», — сказала бібліятэкар Вольга Багдановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі дзяржаўная арганізацыя абвясьціла пра закупку кніг у бібліятэкі. Сярод іх ніводнай па-беларуску