Зяленскі: Украіна гатовая весьці перамовы аб міры дзе заўгодна, толькі не ў Расеі і ўжо дакладна не ў Беларусі

Уладзімір Зяленскі

Кіеў згодны на перамовы аб спыненьні вайны ў любым месцы, заявіў сёньня журналістам прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Паводле Зяленскага, украінскія ўлады гатовы весьці перамовы, у прыватнасьці, у Вугоршчыне, нягледзячы на сумневы ў некаторых пазыцыях прэм’ер-міністра гэтай краіны Віктара Орбана, які «ўсё блякуе для Ўкраіны».

«Калі будуць вынікі, то няхай перамовы пройдуць дзе заўгодна, — сказаў ён. — Гэта амаль ня мае значэньня, толькі не ў Расеі, вядома, і ўжо дакладна не ў Беларусі».

Пры гэтым, падкрэсьліў Зяленскі, да правядзеньня перамоваў Украіна ня будзе выводзіць войскі з «дадатковых тэрыторый», як таго патрабуе Масква.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі выказаў гатоўнасьць сустрэцца з Трампам і Пуціным у Будапэшце

27 траўня Зяленскі назваў немагчымым правядзеньне перамоваў з Расеяй у Беларусі.

«Беларусь для нас на сёньня зьяўляецца краінай, зь якой паляцелі ракеты, і, адпаведна, яна зьяўляецца саюзьнікам краіны, якая на нас напала. І войскі заходзілі з Беларусі. Гэта проста немагчыма ў адносінах да Беларусі», — канстатаваў тады кіраўнік украінскай дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму неаднаразова заяўлялі, што могуць прыняць у сябе перамоўныя дэлегацыі Ўкраіны і РФ.