Эйсмант: «Арэшнік» будзе пастаўлены на баявое дзяжурства ў Беларусі ў сьнежні

Месца ўдару расейскай ракетай «Арэшнік», Дніпро, Украіна, 21 лістапада 2024

Аб гэтым заявіла прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант, паведамляе БелТА.

«Стварэньне ўмоваў для разьмяшчэньня „Арэшніка“ ў Рэспубліцы Беларусь заканчваецца. У сьнежні бягучага году ён будзе пастаўлены на баявое дзяжурства, таму ўсялякія размовы, быць ці не быць „Арэшніку“, на гэтым вычарпаныя», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вар’яцкая афэра». Лукашэнка пра закрыцьцё мяжы, вайну, крадзеж золатавалютных рэзэрваў і санкцыі

Сёньня ж, выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы, Лукашэнка наконт разьмяшчэньня «Арэшніка» заявіў:

«Разьмяшчэньне гэтай зброі ў Беларусі ні што іншае, як мера ў адказ на эскаляцыю сытуацыі ў рэгіёне і сучасныя пагрозы. Калі ласка, давайце ад гэтага адыдзем, і размовы пра „Арэшнік“ спыняцца. Але не жадаюць. Мы нікому не пагражаем, толькі забясьпечваем сваю бясьпеку. Больш за тое, заўсёды адкрытыя да канструктыўнага дыялёгу і ўзаемных крокаў па зьніжэньні напружанасьці. Калі нашы партнэры на Захадзе да гэтага гатовыя, ні мы, ні Расея ў даўгу не застанёмся».