Да 2500 цяжкаўзброеных афіцэраў пры падтрымцы бранятэхнікі, гелікоптэраў і бесьпілётнікаў узялі ўдзел у апэрацыі, накіраванай супраць галоўнай банды наркагандляроў Бразыліі ў двух бедных раёнах на поўначы Рыю.
У аўторак днём, празь некалькі гадзін пасьля пачатку рэйдаў, у раёне каля міжнароднага аэрапорту Рыю-дзі-Жанэйру прагучала страляніна, піша AFP.
Паліцыя заявіла, што банды выкарыстоўваюць бесьпілётнікі. Жыхары кінуліся ў сховішча, крамы замкнулі дзьверы.
Губэрнатар Клаўдзю Кастру ахарактарызаваў апэрацыю ў раёнах фавэлаў да-Пэня і ду-Алеман як найбуйнейшую ў гісторыі штату. Цэнтральны ўрад заявіў, што мэтай рэйдаў было спыніць пашырэньне банды пад назвай Comando Vermelho (CV, «Чырвоная каманда»).
Кастру паведаміў пра 60 загінулых падазраваных сяброў банды. Крыніца зь яго адміністрацыі паведаміла AFP, што таксама былі забітыя чацьвёра паліцыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Продаж беларускіх тавараў у Эўразьвяз упаў у 8 разоў, у Бразылію — у 11,4 раза. Як улады Беларусі шукалі альтэрнатыву рынку ЭЗ