OFAC заявіла, што агулам скасавала абмежаваньні для 48 фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку для Міларада Додзіка, былога прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай — аўтаномнай часткі Босьніі й Герцагавіны (БіГ), які ў гэтым месяцы пайшоў у адстаўку.
Додзік пакінуў пасаду, бо дзяржаўны суд БіГ забараніў яму займацца палітыкай. У сьпісе санкцыяў ЗША разам з Додзікам ужо няма ягонай сям’і, чальцоў ураду, а таксама зьвязаных зь імі кампаніяў.
Міністэрства фінансаў не ўдакладніла прычынаў гэтага кроку, але ён адбыўся пасьля заявы Вашынгтону, дзе віталася прызначэньне часовага прэзыдэнта замест Додзіка. Часовае прызначэньне стварае падставу для новых прэзыдэнцкіх выбараў у аўтаноміі ў лістападзе.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў Радыё Свабода, што «канструктыўныя дзеяньні, прынятыя ў апошнія тыдні Нацыянальным сходам Рэспублікі Сэрбскай», паспрыялі рашэньню зьняць амэрыканскія санкцыі супраць Міларада Додзіка, лідэра Альянсу незалежных сацыял-дэмакратаў, сяброўкі Прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны Жэлькі Цьвіянавіч і іхных паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Босьніі і Герцагавіны адклікала мандат прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай ДодзікаДзяржаўны дэпартамэнт дадаў, што выключэньне зь сьпісу Додзіка і іншых «павінна дапамагчы палепшыць стабільнасьць у Босьніі й Герцагавіне і дазволіць партнэрства з Злучанымі Штатамі на падставе агульных інтарэсаў, эканамічнага патэнцыялу і дабрабыту».
Заканадаўцы таксама скасавалі шэраг сэпаратысцкіх законаў, прынятых за апошнія месяцы пасьля таго, як Додзіку выставілі абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні рашэньням міжнароднага пасланца і Канстытуцыйнага суду.
Додзік назваў зьняцьце санкцыяў выпраўленьнем «сур’ёзнай несправядлівасьці, учыненай стасоўна Рэспублікі Сэрбскай, яе прадстаўнікоў і іхных сем’яў».
У жніўні Апэляцыйны суд Босьніі і Герцагавіны пацьвердзіў прысуд пазбаўленьня волі для Додзіка за ігнараваньне ім рашэньняў міжнароднага мірнага пасланца. Гэтае абвінавачаньне прарасейскі нацыяналістычны палітык адхіліў як «палітычна матываванае».
У час прэзыдэнцтва Додзіка Рэспубліка Сэрбская прыняла праект новай канстытуцыі, якая прадугледжвала статус сэрбскай дзяржавы як дзяржавы сэрбскага народу, надавала ёй права на самавызначэньне і стварэньне ўласнага войска. Гэтыя палажэньні супярэчылі б Канстытуцыі Босьніі й Герцагавіны і Дэйтанскім мірным пагадненьням, якія зафіксавалі Рэспубліку Сэрбскую як адзін з двух суб’ектаў фэдэрацыі Босьніі й Герцагавіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Рэспублікі Сэрбскай Додзік, ордэр на арышт якога выдалі ўлады Босьніі, прыляцеў да Пуціна ў Маскву